У Бразіліі стартаваў чэмпіянат свету па футболе

13 июня 2014

У гэтыя тыдні, шчыра кажучы, мы спрачаемся за гледача з матчамі мундыяля. У Бразіліі стартаваў чэмпіянат свету па футболе. Напярэдадні мы ўключаліся з цырымоніі адкрыцця… Першы ўдар па мячы, які ўжо стаў гістарычным, першая перамога на турніры. Эмоцыі і факты сабрала Алена Гарэльчык.


Футбол акупіраваў планету. Па ўсім свеце, а асабліва ў 32-х краінах - удзельніцах мундзіялю, цэлы месяц будуць жыць гульнёй нумар адзін.


Ды што там увесь свет - за планетарным форумам сочаць нават у космасе. Экіпаж МКС запісаў відэазварот да футбалістаў, у якім наймацнейшым, зразумела, пажадаў перамогі. У Кітаі з пачаткам мундзіялю сапраўдная эпідэмія. Бальнічныя лісты выпісваюць пачкамі, і справа тут зусім не ў высокай тэмпературы або насмарку. Заўзятыя прыхільнікі футбола, кітайцы дзеля прамых трансляцый бальнічныя проста купляюць. З-за розніцы ў часе, калі ў Бразіліі дзень, у Паднябеснай - позняя ноч. Праўда, бальнічны бізнес у Кітаі хуценька прыкрылі, калі злавілі нячыстых на руку медсясцёр і ўрачоў.


Пад такія матывы ў самой Бразіліі напярэдадні чэмпіянат свету стартаваў. 25-хвілінная цырымонія адкрыцця каштавала арганізатарам амаль 9 мільёнаў долараў. Велічэзныя экзатычныя расліны, індзейцы гуарамі, бразільскія музычныя інструменты і, натуральна, капаэйра. Куды без яе?! Але галоўнае ў гэтай цырымоніі адбылося за некалькі секунд. Адказ тым, хто крытыкаваў урад Бразіліі за траты на мундзіяль, далі ўрачы і навукоўцы. Здарыўся сапраўды цуд. Першы ўдар па мячы зрабіў хлопчык, ногі якога паралізаваныя. Дакрануцца да футбола яму дапамог спецыяльны касцюм - экзашкілет, які кіруецца сілай думкі.


А пасля пра тое, што значыць для Бразіліі гэты турнір, расказала ўся 65-тысячная арэна, якая на ўвесь голас заспявала гімн краіны разам са сваёй камандай. Бразільцы ў гэтай сустрэчы былі безумоўнымі фаварытамі і заставаліся імі нават пасля першага прапушчанага гола. Пентакампеоны прапусцілі ад свайго ж гульца. Марсела няўдала паставіў нагу ў штрафной і ўжо сапраўды ўвойдзе ў гісторыю як аўтар першага аўтагола бразільцаў на чэмпіянатах свету.


Радаваліся харвацкія фанаты нядоўга. Неўзабаве Неймар лік зраўнаваў. А ў другім тайме і зусім вывеў каманду наперад. Хаця адназначным гэтае парушэнне назваць нельга.


Дадаў радасці бразільскім балельшчыкам Оскар, які зрабіў лік канчатковым 3:1. Адразу пасля матча вуліцы Сан-Паулу сталі месцам бразільскай весялосці. У Рыа-дэ-Жанейра перад вялізнымі экранамі за сваю зборную хварэлі каля 40 тысяч чалавек. 35 тысяч фанатаў сабраліся ў Фарталезе. Менавіта тут, дарэчы, бразільцам гуляць з камерунцамі. Адна з самых загружаных аўтамабільных трас Рыа-дэ-Жанейра - Авеніда-дас-Амерыкас - паўтары гадзіны пуставала і кожны раз, калі бразільцы забівалі гол, неба над Рыа расцвітала ад феерверкаў і петард. Футбол у гэтай краіне сапраўды аб'ядноўвае.


Іспанія супраць Галандыі. Дзесьці гэта мы ўжо бачылі - у драматычным фінале мінулага чэмпіянату свету. І ўжо сапраўды аранжавыя не забыліся той самы дадатковы час і ўдар Іньесты, які закрыў ім дарогу да Кубка свету. Рэмейк фіналу мундзіялю мінулага ў самым пачатку турніру цяперашняга.


Іспанцы сёння будуць гуляць у белай форме. Белы колер нешчаслівы для дзеючых чэмпіёнаў свету. Прычым Чырвоная фурыя прайграе не толькі, калі сама ў белым, але і калі ў белым яе сапернік. Ці спраўдзіцца сёння гэтая нядобрая заканамернасць, даведаемся літаральна праз дзве гадзіны.