У Аргенціне пройдзе ўрачыстая цырымонія адкрыцця III летніх юнацкіх Алімпійскіх гульняў

6 октября 2018

Менш за суткі застаецца да старту III летніх юнацкіх Алімпійскіх гульняў, якія прымае Буэнас-Айрэс. Роўна ў дзве гадзіны ночы па беларускім часе ў сталіцы Аргенціны пачнецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця. Упершыню ў гісторыі алімпійскага руху трапіць на мерапрыемства зможа любы ахвочы, бо пройдзе яно на праспекце ў цэнтры горада. Паводле традыцыі, падчас цырымоніі адбудзецца і парад спартсменаў. Флаг зборнай Беларусі будзе ў руках капітана каманды, прадстаўніка акадэмічнага веславання Івана Брынзы.

Адзначым, у юнацкіх Алімпійскіх гульнях прымаюць удзел спартсмены ад 15 да 18 гадоў. Усяго за медалі ў 32-х відах спорту будуць змагацца амаль 4 тысячы атлетаў. Усе яны жывуць у алімпійскай вёсцы, што яшчэ раз падкрэслівае: гэтыя спаборніцтвы можна назваць аналагам дарослай Алімпіяды.

Беларуская каманда прыляцела ў Буэнас-Айрэс у чацвер. У складзе - 37 спартсменаў і 18 трэнераў.

І ўжо заўтра ўвечары па беларускім часе пачнуць свае спаборніцтвы прадстаўнікі паруснага спорту, спартыўнай гімнастыкі, акрабатыкі, акадэмічнага веславання, дзюдо, настольнага і вялікага тэніса, а таксама плавання.