Тры дні застаюцца да старту Кубка Федэрацыі

8 ноября 2017

Усяго тры дні застаюцца да старту гістарычнай спартыўнай падзеі ў нашай краіне - фіналу неафіцыйнага чэмпіянату свету па тэнісе сярод жаночых каманд - Кубка Федэрацыі. Саперніцы беларусак сур'ёзныя: 17-разовыя трыумфатары гэтага турніру - зборная ЗША. Але і нашы дзяўчаты ў выдатнай форме і гатовыя даць бой амерыканкам. Склад годны, прычым першая ракетка Беларусі Арына Сабаленка намінаваная Жаночай тэніснай асацыяцыяй на званне "Прарыў месяца". Праўда, на фінальны матч Кубка Федэрацыі не зможа прыехаць Вікторыя Азаранка. Аб прычыне адсутнасці яна напісала ў сацыяльных сетках. Нашы дзяўчаты ўжо другі тыдзень рыхтуюцца на галоўнай пляцоўцы будучай падзеі - на корце "Чыжоўка-Арэны", а вось амерыканкі ў поўным складзе сабраліся ў Мінску толькі ў панядзелак.

Пра перадматчавы настрой каманд - Станіслаў Ліпскі. Мінск, 3 дні да фіналу Кубка Федэрацыі. Ажыятаж вакол тэніса перайшоў на новы ўзровень - у прамым сэнсе падземны. Афіша матча Беларусь - ЗША зараз гучыць нават у вагонах сталічнага метро.

Паралельна на корце "Чыжоўка-Арэны" 10-я ракетка свету Кока Вандэвеге ў пары з 70-ай у рэйтынгу ВТА Элісан Рыске адпрацоўвае абаронныя дзеянні ля сеткі. З трыбун спарткомплексу за кожным элементам гульні саперніц сочыць Уладзімір Валчкоў. На ўсмешкі амерыканак галоўны трэнер зборнай Беларусі ўвагі не звяртае, па сваім вопыце ведае - гэта толькі маска перад выскалам у фінале.

Амерыканкі ў поўным складзе толькі ў панядзелак сабраліся ў Мінску. Менавіта лідары - Вандэвеге і Сцівенс - апошнімі далучыліся да каманды. На прэс-канферэнцыі сёння дзяўчаты шмат усміхаліся. Хоць апошні раз зорна-паласатыя ў фінале Кубка Федэрацыі перамагалі ў далёкім 2000.

Як раз "знакам якасці" Арыну Сабаленку напярэдадні ўзнагародзіла Жаночая тэнісная асацыяцыя - беларуска сярод прэтэндэнтаў на званне "Прарыў месяца". Выхад у фінал турніру ў Цяньцзіне і скачок у рэйтынгу на 26 уразіў босаў ВТА. Прагаласаваць за Арыну можа кожны на афіцыйным сайце арганізацыі.

Заўсёды ўсмешлівая Арына адразу памяняла тон гутаркі, калі мы закранулі сітуацыю вакол Вікторыі Азаранкі. Экс-першая ракетка свету напярэдадні размясціла афіцыйную інфармацыю, што з-за цяжбы са сваім былым бойфрэндам за права апекі над іх сынам Леа Вікторыя не тое што згуляць, нават прыехаць у Мінск на гэтыя выхадныя не зможа. "Як вы, магчыма, ужо ведаеце, я не змагу стаць часткай фіналу Кубка Федэрацыі сёлета. Вельмі засмучае, што ў мяне няма шанцаў згуляць і дапамагчы Беларусі ў фінале. На жаль, бягучая сітуацыя ўтрымлівае мяне ў Каліфорніі. Але хоць я і не буду ў Мінску падчас фіналу, маё сэрца заўсёды з маёй краінай і камандай, і я буду падтрымліваць яе здалёку. Як і заўсёды, я хачу падзякаваць за падтрымку, якую вы мне аказваеце кожны дзень з дапамогай каментарыяў і паведамленняў. Я вярнуся значна лепшай і мацнейшай, чым калі-небудзь!".

Дарэчы, пра сілу. На прэс-канферэнцыі капітан нашай каманды Эдуард Дуброў падкрэслівае, што слабыя гульцы не прыязджаюць на фінал Кубка Федэрацыі, таму беларускім дзяўчатам будзе прасцей выступаць, калі трыбуны не будуць маўчаць, а кожнае ўдалае дзеянне нашых пахвальным гулам сустракаць.

А паколькі абсалютна ўсе білеты на супрацьстаянне года прададзеныя, Беларуская федэрацыя тэніса спецыяльна каля "Чыжоўка-Арэны" арганізавала імправізаваную фанзону. Менавіта тут у суботу і нядзелю вось на гэтым экране мы зможам у прамым эфіры з дапамогай тэлеканала "Беларусь 5" сачыць за фіналам. І тады кожны з нас стане часткай вялікага спартыўнага свята.

А днём раней, у пятніцу, уся ўвага сталічнай ратушы. У 12:00 тут пачнецца жараб'ёўка фіналу. Гэтая падзея таксама ў прамым эфіры будзе чакаць вас на "Беларусь 5".