Смольскі замкнуў дзясятку лепшых у біятлоннай гонцы праследавання на Спартакіядзе наймацнейшых

11 февраля 2024

У Златавусце Чэлябінскай вобласці працягваюцца спаборніцтвы па біятлоне ў рамках II Усерасійскай спартакіяды наймацнейшых спартсменаў па зімовых відах спорту 2024 года, паведамляе БЕЛТА. 

Праграму нядзелі ў Златавусце адкрыла мужчынская гонка праследавання на 12,5 км. Напярэдадні беларусы няўдала выступілі ў спрынце, таму былі вымушаны пачынаць пасьют з далёкіх пазіцый і з вялікімі адставаннямі. На гэты раз прабіцца ў дзясятку з нашых удалося толькі Антону Смольскаму: лідар каманды стартаваў 16-м, на чатырох агнявых рубяжах дапусціў усяго адзін промах, дзякуючы чаму падняўся на выніковае 10-е месца. 

Іван Тулацін зазірнуў на чатыры штрафныя кругі і фінішаваў 12-м. Максім Варабей размясціўся на 17-м радку, Дзмітрый Лазоўскі стаў 22-м, а Павел Бялько, які ўчора быў лепшым з беларусаў, сёння страціў шмат пазіцый і ў выніку аказаўся толькі 24-м. Усяго ўдзел у мужчынскім пасьюце прынялі 59 біятланістаў, перамогу атрымаў Эдуард Латыпаў з Башкартастана, які напярэдадні быў наймацнейшым і ў спрынце. Серабро заваяваў масквіч Карым Халілі, бронза дасталася Кірылу Бажыну з каманды Свярдлоўскай вобласці.

У 11:45 па мінскім часе на старт гонкі праследавання выйдуць жанчыны. Ганна Сола пабячыць на дыстанцыю 13-й, таксама ў пратаколе Дар'я Кудаева, Ірына Лешчанка і Алена Кулак. Спаборніцтвы па біятлоне прадоўжацца ў аўторак, 13 лютага, калі адбудуцца дзве індывідуальныя гонкі. 16 лютага пройдзе змяшаная эстафета, на наступны дзень запланаваны мас-старты. Завершыцца праграма Усерасійскай спартакіяды 18 лютага мужчынскай і жаночай эстафетамі.