Казачна чароўнае дзейства. Яркія моманты адкрыцця зімовых Алімпійскіх гульняў

9 февраля 2018

Казачна чароўнае і адначасова тэхнічна перадавое дзейства. Менавіта так можна назваць адкрыццё Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане. За ўрачыстай цырымоніяй назіралі 35 тысяч гледачоў на стадыёне і мільёны тэлегледачоў.

Пачалося шоу з тэлевізійнага роліка, у якім дзеці знайшлі чароўны шар. Ён распавёў ім, што трэба адпраўляцца ў чароўнае падарожжа - на Алімпіяду. Перад гледачамі прайшлі ўсе 92 зборныя. Па традыцыі адкрывала парад Грэцыя, а завяршала аб'яднаная каманда Карэі. Гэтая Алімпіяда стала першай, у якой флагі неслі выключна спартсмены. У зборнай Беларусі флаганосцам стала алімпійская чэмпіёнка Ала Цупер.

Арганізатары вялікую ўвагу надалі эстафеце алімпійскага агню. Яе агульная працягласць склала роўна 2018 кіламетраў, а неслі факел сем з паловай тысяч факеланосцаў. А вось запаліла алімпійскі агонь (як і меркавалася) зорка фігурнага катання алімпійская чэмпіёнка Кім Ён А.

Цырымонія адкрыцця прайшла на адкрытым стадыёне. Дарэчы, сёння ў Паўднёвай Карэі дастаткова камфортная тэмпература. А вось пасля заканчэння Гульняў арэну разбяруць. Яна часовая.