Сіла амаль тысяча коней у адным рухавіку

30 октября 2014

Беларусы працягваюць падрыхтоўку да самага прэстыжнага ў свеце ралі Дакар. З кожным годам канкурэнцыя ў гэтым спорце ўсё больш жорсткая, але і аўтамабілі МАЗ-СПОРТ-аўта ўдасканальваюцца. Праз тры тыдні беларускія грузавікі з Францыі на пароме адправяцца ў Буэнас-Айрэс. Менавіта ў сталіцы Аргенціны ў пачатку студзеня стартуе гонка.

А пакуль ідзе актыўная фаза падрыхтоўкі. З сэрца Мінскага аўтамабільнага завода - матэрыял Паўла Капуцкага.

Валерый Казлоўскі, начальнік спартыўнай каманды МАЗ-СПОРТ-аўта: Можна назваць ужо завяршальнай працу па падрыхтоўцы тэхнікі да адпраўкі на Дакар. Вы бачыце, за спінай аўтамабіль ужо праводзіць выпрабавальны запуск рухавіка… .

Эксперыментальны цэх МАЗа падчас падрыхтоўкі да Дакара - адно з самых ажыўленых месцаў на ўсім заводзе. І слова эксперыментальны тут самае прыдатнае. Усе ўпарта б'юцца над галоўнай задачай - зрабіць грузавік яшчэ больш дасканалым.

Хоць машына і падаецца амаль разабранай, насамрэч яна амаль гатовая. І самае галоўнае: з Яраслаўля вярнуўся рухавік, які пасля дапрацоўкі стаў магутней на 62 конскія сілы. Было 850 стала 912.

Рухавік - элемент ключавы, але дапрацоўваецца не толькі ён - усе дэталі машыны. Важна зрабіць вагу аўто менш, пры гэтым у якасці не страціць.

Калі Сяргей Вязовіч будзе змагацца за гонар краіны ў Аргенціне і Чылі, у яго сям'і павінна адбыцца важная падзея. Жонка Марыя зараз цяжарная трэцім дзіцем.Сяргей Вязовіч, пілот каманды МАЗ-СПОРТ-аўта: Гэты Дакар у нас асаблівы, падчас яго ў нас павінен нарадзіцца сын. З нецярпеннем чакаем і гонкі і папаўнення ў сям'і.

Да Дакара рыхтуецца не толькі жалеза. Вязовіч трэніруецца ўжо паўгода. Басейн, бег два разы на дзень і нават трэніроўкі дома.

Дакар, магчыма, лепшая ў свеце магчымасць для выпрабавання тэхнічных і чалавечых магчымасцяў. Калі пустыню змяняюць горы, а тэмпература то паднімаецца, то апускаецца на трыццаць градусаў. МАЗ-СПОРТ-аўта марыць 11-е месца мінулага Дакара змяніць на п'эдэстал ужо ў пачатку 2015-га.

Валерый Казлоўскі, начальнік спартыўнай каманды МАЗ-СПОРТ-аўта: Месцы на панэлях спартыўных аўтамабіляў на сённяшні дзень яшчэ свабодныя. Будзем вельмі рады бачыць патэнцыяльных партнёраў, беларускіх вытворцаў, якія зацікаўлены, каб рэкламіраваць сябе, сваю прадукцыю ў краінах як Еўропы, так і Паўднёвай Амерыкі.