Сёння зноў хварэем за нашу зборную па хакеі

7 мая 2016

Нацыянальная зборная Беларусі па хакеі з непрыемнага паражэння стартавала на чэмпіянаце свету.

Захаваўшы вароты на замку ў першым перыядзе, у другім наша каманда прапусціла чатыры разы. У трэцім перыядзе дружына Дэйва Льюіса вярнуцца ў гульню не здолела. Праўда, Аляксей Калюжны яшчэ раз усё жа закінуў, але апанент не разгубіўся і двойчы засмуціў нашага варатара. 2:6 прайграем на старце турніру.

Сёння зноў хварэем за нашу зборную. На мінулым чэмпіянаце свету, нагадаем, беларусы абгулялі ЗША 5:2, паспрабуюць паўтарыць гэты поспех і сёння.

У 20:15 прамая трансляцыя на тэлеканале "Беларусь 1". На "Беларусь 5" у гэты час гульня Латвія - Чэхія. Расклад усіх трансляцый на вашых экранах. 2 сустрэчы выйдуць у эфір у нядзелю раніцай: Францыя - Германія і Нарвегія - Данія.

Адзначым, 2 паядынкі другога гульнявога дня сёння ўжо былі згуляныя. У групе В Славакія не пакінула шанцаў Венгрыі. Выніковы лік - 4:1.

У групе А Швейцарыя і Казахстан у асноўны час матча на дваіх закінулі 4 шайбы. Авертайм наймацнейшага не выявіў. У серыі булітаў перамогу атрымала каманда Казахстану.