Зборная Беларусі па хакеі вяртаецца ў гонку за месца ў плэй-оф чэмпіянату свету

11 мая 2016

Беларусы вырвалі перамогу ў ключавым матчы на турніры, абгуляўшы славакаў з лікам 4:2. Нашы хакеісты змаглі ачуняць пасля трох паражэнняў на старце ад фаварытаў і зараз рыхтуюцца да наступных паядынкаў, у кожным з якіх трэба перамагаць. Андрэй Казлоў перадае з Санкт-Пецярбурга.

Гэта менавіта той выпадак, калі самы час махаць кулакамі пасля бойкі. Беларусы, як толькі прагучала фінальная сірэна, увязаліся ў яшчэ адзін бой, і нават у ім атрымалі перамогу.

Праз імгненне матч завяршаецца, і ўпершыню на гэтым чэмпіянаце свету пад скляпеннямі "Юбілейнага" гучыць гімн Беларусі.

Гульня, як у такіх выпадках гавораць, атрымалася звышвалідольнай. І вельмі нават супярэчлівай. Беларусы, да прыкладу, не рэалізавалі 5 на 3, а славакі правялі пару вельмі добрых контратак. А за секунду да перапынку беларускія хакеісты застаюцца ўтрох. Неўзабаве гэта прыносіць славакам дывідэнды. Пазней дывідэнды падвойныя.

Што ж здарылася ў другім перапынку, можна толькі здагадвацца. Беларусы выходзяць і закідваюць чатыры разы. Не, гэта не жарт. У мікст-зоне гаварылі пра ўсё, але што адбывалася ў раздзявалцы, пакінулі ў таямніцы.

Падавалася, што сталыя выдаленні ў нашай каманды могуць паўплываць на ход сустрэчы. Вядома, не на нашу карысць. Пра гэта і гаварыў перад сустрэчай вядомы беларускі спецыяліст Міхаіл Захараў.

У заключнай жа траціне прарвала тых, ад каго гэтага і чакалі перад чэмпіянатам свету. І што важна, закідвалі нашы на любы густ. Гатавец, Гаўрус, Сцяпанаў і Лінгле. 4:2.

Гэтая перамога вяртае беларусаў у гонку за месца ў плэй-оф. Цікава і тое, што яшчэ перад гэтым ключавым матчам са зборнай Славакіі настрой нашых балельшчыкаў быў бескампрамісны. Перамога - і ніяк інакш.

Самыя няпрымхлівыя нават не баяліся прадказваць лік. Пасля гульні балельшчыкі ў поўным складзе перакінуліся ў фан-зону. Гавораць, што будуць адзначаць да глыбокай ночы. А славакам... славакам застаецца толькі сумаваць.