Зборная Беларусі па хакеі рыхтуецца да алімпійскай кваліфікацыі

4 февраля 2013
У Даніі ў нашай каманды сапернікамі значацца Украіна, Славенія і гаспадары турніру. Гульні ў Сочы - галоўная падзея чатырохгоддзя, і прысутнасць на іх не проста справа гонару... Зборная Беларусі ў Данію адправіцца 6 лютага, ну а сёння праверыць свае сілы ў таварыскім матчы з Францыяй. 

Беларуская зборная сёння знаходзіцца на парозе найважнейшых матчаў.
У адрозненне ад папярэдняга алімпійскага цыклу - у Ванкувер, нагадаем, каманда патрапіла дзякуючы высокаму рэйтынгу, гэтым разам усё складаней. Вынікі за апошнія гады пагоршыліся, і за пуцёўку ў Сочы давядзецца пазмагацца. Кваліфікацыйны турнір не дазваляе памыліцца, бо толькі адна з каманд групы атрымае пропуск на Алімпіяду.
Галоўнае пытанне: ці паспее трэнерскі штаб найграць спалучэнні і звязкі. Шмат у чым на яго адкажа сённяшні матч супраць Францыі. Выбар апанента не выпадковы. Трохкаляровыя - сапернік, так скажам, нязручны. Узаемаадносіны беларусаў і французаў на лёдзе апошні час складаюцца не на карысць першых. Нягледзячы на тое, што патэнцыялам наша зборная адназначна мацнейшая, трэнерам не атрымлівалася згуртаваць гульцоў.
У 2011 на чэмпіянаце свету ў Славакіі мы саступілі ў авертайме 1:2 і занялі апошняе месца ў групе. Аналагічны лік быў зафіксаваны праз год, у маі 2012, праўда, у Хельсінкі зборная, з якой працаваў фін Кары Хейкіля, саступіла ўжо ў асноўны час.
Сёння з камандай працуе Андрэй Скабелка, у мінулым лепшы бамбардзір зборнай. Для яго кваліфікацыйны турнір - першы сапраўды сур'ёзны іспыт.
Убачыць галоўную хакейную каманду ўжывую атрымліваецца не так часта, за год зборная праводзіць у Мінску ўсяго некалькі матчаў, таму прапусціць паядынак з Францыяй для сапраўднага балельшчыка проста недазваляльна. Тым больш напярэдадні алімпійскай кваліфікацыі, ад якой шмат у чым будзе залежаць далейшае развіццё віду спорту. Паядынак, нагадваем, пачнецца сёння ў 19:00.