Зборная Беларусі на чэмпіянаце свету па хакеі ўсухую абгуляла каманду Францыі

17 мая 2016

Літаральна некалькі гадзін таму з Санкт-Пецярбурга прыйшла радасная навіна для спартыўных балельшчыкаў. Зборная Беларусі на чэмпіянаце свету па хакеі ўсухую абгуляла каманду Францыі. Мы застаемся ў элітным дывізіёне. Сённяшні паядынак для нас быў вырашальным. Самі хакеісты яго звалі "будучай вайной". З такім настроем нашы і выходзілі на гульню. Задача мінімум - нічыя. Вынік - 3:0 на нашу карысць. Як развіваліся падзеі на лёдзе?

Аб гарачых і нервовых баталіях - матэрыял Андрэя Казлова. Калі толькі пачынаўся чэмпіянат свету, мы разважалі, што ў апошнім матчы групавога этапу будзе вырашацца, ці згуляе зборная Беларусі ў чвэрцьфінале. З кожнай гульнёй аптымізму станавілася ўсё менш, а паражэнне ад венграў стала, без перабольшання, ударам. Сёння нашы хакеісты гулялі з французамі ў матчы жыцця, з вялізнай рызыкай пакінуць кагорту лепшых каманд свету.

Тых, хто не ведае вынік сённяшняга матча з французамі, супакоім: беларусы застаюцца ў эліце сусветнага хакея. Гэта значыць - самага страшнага, на шчасце, не адбылося. Хоць яшчэ да матчабалельшчыкі, настрой якіх вельмі моцна змяніўся, звалі выступленне нашых хакеістаў няйначай як правальным.

Беларусы бадзёра пачалі матч супраць французаў - іншага выхаду ў іх і не было. Шайба апынулася ў варотах саперніка ўжо ў першым перыядзе, але суддзі яе не залічылі. У другой трэці Андрэй Стась адкрывае лік, Джэф Плат робіць нашу перавагу яшчэ больш важкай, закінуўшы прыгожую шайбу.

Кіраўнікі Федэрацыі хакея Беларусі на працягу чэмпіянату ўстрымліваліся ад якіх-небудзь каментарыяў. Сёння ў гэтым плане нічога не змянілася. Аднак нам стала вядома, што па вяртанні ў Мінск кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі Ігар Рачкоўскі збярэ прэс-канферэнцыю.

У 1990-я зборная Беларусі з нізоў прабівалася ў эліту, дзе дэбютавала ў 1998-м. У 2001-м і 2003-м гадах беларусы выступалі ў першым дывізіёне, вылятаючы з эліты, але тут жа вярталіся. І, пачынаючы з 2004 года, беларуская каманда нязменна гуляе сярод лепшых зборных, перыядычна трапляючы ў плэй-оф, двойчы запар на двух апошніх чэмпіянатах свету. Таму заява напярэдадні турніру ў Расіі аб тым, што мы пазмагаемся за медалі, была лагічнай. Але ў той жа час згуляла з беларусамі злы жарт.

Мы сустрэлі напярэдадні бацьку форварда зборнай Артура Гаўруса, які распавёў, што на хакейную тэму з сынам у гэтыя дні яны імкнуцца наогул не размаўляць.

У верасні зборнай Беларусі трэба будзе прайсці вельмі сур'ёзны іспыт. На лёдзе "Мінск-Арэны" адбудзецца алімпійскі кваліфікацыйны турнір. Пераможца квартэта, у які, апроч нашых хакеістаў, уваходзяць зборныя Славеніі, Даніі і Польшчы, паедзе на галоўныя Гульні чатырохгоддзя.

Што ж датчыцца чэмпіянату свету, які завяршыўся для зборнай, то ён агаліў масу праблем у гульні беларусаў, высновы па якіх будуць зробленыя ў самы найбліжэйшы час.