Рубрыка "Матчбол"

16 января 2017

Іван Ціхан і Вольга Мазуронак - лепшыя лёгкаатлеты Беларусі. Спартыўныя вынікі 2016-га падвялі  ў сталіцы. Ціхан пасля паўзы вярнуўся ў вялікі спорт і выйграў серабро Алімпіяды ў Рыа. Вольга ў Бразіліі стала пятай. Аб перамогах і не толькі - рубрыка "Матчбол".

Чэмпіянат свету па гандболе, які сёлета  праходзіць у Францыі, няўдала стартаваў для беларусаў. У паядынку супраць Чылі фаварыты -  каманда Юрыя Шаўцова -  нечакана саступіла апаненту 28:32.

Прычына, на думку галоўнага трэнера беларусаў,  значна адноўлены склад каманды,  у якой моладзь яшчэ не адчувае сябе ўпэўнена. Патрэбен час, каб перспектыўныя гандбалісты пачалі прыносіць вынік.

 

Аднак ужо ў другім матчы ў групе ў паядынку супраць Саудаўскай Аравіі беларусы рэабілітаваліся: перамога нашых землякоў - 29:26. Наперадзе яшчэ тры гульні. Найбліжэйшая сёння ў 22:45  - сустрэнемся з харватамі. Каб разлічваць на плэй-оф - мінімум яшчэ адна перамога патрэбна.

Дарэчы, здабыць гэтую Вікторыю было б значна прасцей, калі б у Францыі выступаў лепшы беларускі гандбаліст  Сяргей Рутэнка, аднак на прафесійным узроўні ён ужо не згуляе.

У чацвер шасціразовы пераможца Лігі чэмпіёнаў аб’явіў  аб завяршэнні сваёй кар'еры, нягледзячы нават на прапановы замежных клубаў выступаць у іх складзе. Прычына адмовы: фінансавы бок пытання.

 

Нагадаем, Сяргей двойчы станавіўся лепшым бамбардзірам Лігі чэмпіёнаў, у 2013-ым беларус быў прызнаны лепшым левым паўсярэднім свету. На лета запланаваны матч зорак з удзелам Рутэнкі-старэйшага, ён пройдзе ў Мінску.

Пяты этап Кубка свету па біятлоне выдатна прайшоў для Дар’і Домрачавай - трохразовая алімпійская чэмпіёнка дапамагла ў эстафеце нашай зборнай стаць восьмай, а ў спрынце беларуска з адным недакладным стрэлам заняла 13-е месца. І гэта ў сваім чацвёртым афіцыйным старце пасля нараджэння дачкі!  Вынік неверагодны! Цяпер яшчэ з большай цікавасцю, пагадзіцеся, чакаем чэмпіянат свету,  які пройдзе ў лютым у Аўстрыі.

На гэтым тыдні падтрымліваем сталічнае хакейнае “Дынама”: да завяршэння рэгулярнага чэмпіянату КХЛ мінчанам засталося правесці 11 матчаў, паралельна сочым за біятлонам і, зразумела, чэмпіянатам свету па гандболе. Усё гэта - на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт, і мы абавязкова яшчэ ўбачымся.