Рубрыка "Матчбол" пра самыя яркія спартыўныя падзеі тыдня

29 января 2024

Чэмпіён пацвярджае свой статус! Мінскае "Дынама" - найлепшая каманда перадсезоннага турніру ў Магілёве. Бела-блакітныя паслядоўна перамаглі "Днепр", "Гомель" і "Нёман". У найбліжэйшую суботу на "Дынама-Юні" каманда Вадзіма Скрыпчанкі згуляе супраць "Віцебска".

Спартыўную тэму працягне рубрыка "Матчбол"

Тэніс - на гэтым тыдні ў авангардзе спартыўных падзей: Арына Сабаленка зноў перамагае ў Аўстраліі і другі год запар становіцца лепшай на першым у сезоне турніры "Вялікага шлема".

Мінчанка зноў выдатна выступіла ў Мельбурне: Сабаленка не прайграла нават аднаго сета на шляху да трыумфу, а ў фінале беларуска не пакінула шанцаў кітаянцы - Чжэн Цыньвэнь 6:3, 6:2. Усяго 1 гадзіну і 16 хвілін працягваўся паядынак за тытул. За гэты час Сабаленка аформіла тры "эйсы" і рэалізавала тры "брэйк-поінты". Цікава, што беларуска паўтарыла дасягненне легендарнай Серэны Уільямс, стаўшы за 20 гадоў толькі другой тэнісісткай, якая выйграла фінал адкрытага чэмпіянату Аўстраліі, не страціўшы ніводнага гейма на сваёй падачы,  і першай пасля нашай Вікторыі Азаранкі змагла абараніць тытул чэмпіёнкі

У адзіночным мужчынскім разрадзе перамог італьянец Янік Сінер, які ў фінале адолеў расіяніна Данііла Мядзведзева.

Сталіца беларускіх шахцёраў - горад Салігорск -  у мінулы уікенд - стала яшчэ і сталіцай чэмпіянату Расіі па баскетболе 3 на 3 сярод мужчынскіх каманд. Упершыню ў гісторыі матчы першынства нашых ўсходніх суседзяў у гэтым відзе спорту арганізаваныя за мяжой, і Салігорск справіўся на выдатна з правядзеннем турніру, падкрэсліў кіраўнік расійскай федэрацыі баскетбола Андрэй Кірыленка, які асабіста адкрываў спаборніцтвы.  На базе спарткомплексу "Шахцёр"  праходзілі гульні,  у якіх бралі ўдзел 12 дружын: з Расіі, Беларусі,  Сербіі і Кітая! Мясцовы "Шахцёр" перамог у адной гульні, а ў трох, на жаль, уступіў ва ўпартай барацьбе

Адзначым, спартсмены з гэтых краін дакрануліся і да гісторыі горада і нашай краіны, пабываўшы на экскурсіі ў падземным аддзяленні Рэспубліканскай бальніцы спелеалячэння.  Нагадаем, баскетбол 3 на 3  з'яўляецца алімпійскім відам спорту і на гульнях у Токіа якраз расіяне сталі сярэбранымі прызёрамі, а зборная Сербіі дадому павезла бронзу. Завершыцца чэмпіянат Расіі па баскетболе - 3 на 3 у чэрвені.

На гэтым тыдні вас чакае шмат хакея: гульнi КХЛ, МХЛ I Экстралiгi, паралельна сочым за гандболам - у сераду СКА сустрэнецца з "Мяшкоў-Брэстам", а ўжо сёння "Мінск" сустрэнецца з "Пармай" у Адзінай лізе ВТБ. Усё гэта, зразумела, вас чакае на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт і мы абавязкова яшчэ ўбачымся!