Рубрыка "Матчбол"

12 марта 2018

Барысаўскі БАТЭ ўпершыню з 2012 года выступіў у паядынку за Суперкубак Беларусі. Новымі ўладальнікамі ганаровага трафея сталі “дынамаўцы” Брэста. Дар'я Домрачава працягвае пераможную серыю, чым, на жаль, не могуць пахваліцца Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка. Падрабязнасці праз некалькі секунд у рубрыцы “Матчбол”.

Бліскуча выступіла Дар'я Домрачава на сёмым этапе Кубка свету, які праходзіў у Фінляндыі - чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка атрымала сваю 31-ю перамогу ў гэтых спаборніцтвах.

Выдатным для беларускі атрымаўся спрынт - у пятніцу Дар’я, дзякуючы хуткасці на дыстанцыі паўсекунды, выйграла ў прадстаўніцы Германіі Францыскі Хільдэбрант, трэцяй стала Ліза Вітоцы. На гэты момант Домрачава займае трэцяе месца па колькасці вікторый у Кубку свету: больш толькі ў Магдалены Нойнер – 34 і Магдалены Форсберг – 42. Адзначым, гэтыя біятланісткі свае кар’еры завяршылі.

Сёмы этап Кубка свету напярэдадні закрылі дзве гонкі з масстартам, тры беларускі трапілі ў топ-10. Ірына Крыўко – восьмая, Надзея Скардзіна – дзявятая, Домрачава - дзясятая - пяць промахаў не дазволілі Дар'і пазмагацца за перамогу. Чарговы этап спаборніцтваў стартуе ужо ў чацвер у нарвежскім Халменколене.

Барысаўскі БАТЭ ўступіў брэсцскаму “Дынама” ў першым афіцыйным паядынку сезона – у матчы за Суперкубак Беларусі «жоўта-сінія» прайгралі «бела-блакітным» 1:2.

Значныя змены ў складзе БАТЭ, якія прайшлі ў міжсезонні ў гэтай гульні, не прынеслі станоўчага выніку камандзе Алега Дулуба. Адзначым, адразу 5 прадстаўнікоў Сербіі выйшлі ў стартавым саставе барысаўчан. Готал лік адкрыў, Вітус перавагу “Дынама” падвоіў, на апошняй хвіліне Мікалай Сігневіч паставіў кропку ў гульні - 1:2. “Жоўта-блакітныя” ўпершыню з 2012 года прайгралі у паядынку за Суперкубак.

Для Брэста гэты трафей стаў трэцім у гісторыі, а менавіта Суперкубак краіны “бела-блакітныя” заваявалі ўпершыню.

Вікторыя Азаранка і Арына Сабаленка завяршылі выступленне на прэстыжным тэнісным турніры ў амерыканскім Індыан Уэлсе. Экс-першая ракетка свету ў другім крузе ўступіла Слоан Стывенс. Пасля вымушанай сямімесячный паўзы, аб’ектыўна, Вікторыі ўсё ж патрэбны яшчэ час, каб выйсці на свой былы узровень. Арына ў трэцім раўндзе ўступіла Маркеце Вандроўшавай.

На гэтым тыдні працягваем сачыць за біятлонам - у Нарвегіі вас чакаюць спрынты, гонкі праследавання і эстафеты. У сераду і суботу ў Мінску падтрымліваем баскетбалістаў сталічных “Цмокаў”, паралельна атрымліваем асалоду ад футбольнай Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы. Усё гэта, зразумела, на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт і мы абавязкова яшчэ ўбачымся.