Рубрыка "Матчбол"

27 ноября 2017

Сталічнае хакейнае "Дынама" пасля няўдалай выязной серыі ўпэўнена выступае на “Мінск-Арэне”. Бела-блакітныя паслядоўна перамагаюць і “Авангард”, і “Сібір”. Заўтра “зубры” прымаюць “Югру”. Аднак сёння ўся ўвага футболу - чэмпіён краіны нарэшце вызначыўся. Расказвае Станіслаў Ліпскі.

Барысаўскі БАТЭ дванаццаты раз запар выйгравае чэмпіянат Беларусі па футболе: напярэдадні ў Гарадзеі ў паядынку супраць мясцовай аднайменнай каманды жоўта-блакітныя на апошняй хвіліне сустрэчы здабылі нічыю 3:3 і сталі лепшым клубам краіны.

Менавіта гэты гол у выкананні Віталя Радзівонава стаў залатым для барысаўчан. Перад апошнім турам БАТЭ трэба было не прайграць, але ж пасля першага тайма чэмпіёны саступалі 1:3.

Такі вынік сустрэчы быў на карысць мінскаму “Дынама”, у Віцебску бела-блакітныя ўпэўнена перамагалі 4:1, такая дыспазіцыя зрабіла б менавіта сталічны клуб лепшым.

Аднак характар і вопыт БАТЭ ў самы патрэбны момант адыграў сваю ролю: каманда стала чатырнаццаціразовым пераможцам турніру.

У Гродне салігорскі “Шахцёр” саступіў мясцоваму “Нёману” 1:3, і такім чынам, “гарнякі” сталі толькі трэцяй камандай па выніках чэмпіянату.

Замест “Нафтана” і “Славіі” ў наступным сезоне ў Вышэйшай лізе згуляюць "Смалявічы" і сталічны “Прамень”. Вось гэты стадыён стане часткай мацнейшага дывізіёна.

Сезон у біятланістаў учора стартаваў у Эстэрсундзе: у суперміксце беларуская пара Ірына Крыўко - Антон Смольскі занялі 11-е месца, такая ж пазіцыя ў зборнай нашай краіны ў змяшанай эстафеце. Адзначым, Дар’я Домрачава падкрэсліла, што не варта драматызаваць гэты вынік, бо ў сезоне пік формы павінен прыпасці на Алімпійскія гульні, якія пройдуць у лютым.

На гэтым тыдні працягваем сачыць за біятлонам: першы этап праходзіць у Швецыі, у сераду вашай увазе індывідуальная гонка. Заўтра падтрымліваем сталічнае хакейнае “Дынама”, а ў нядзелю мінскіх “Цмокаў”: яны згуляюць супраць “Лакаматыва” ў Адзінай лізе ВТБ. Усё гэта, зразумела, на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт, і мы абавязкова яшчэ ўбачымся.