Рубрыка "Матчбол"

22 апреля 2019

Медальным для зборнай Беларусі выйшаў дамашні этап Кубка свету па скачках на батуце. Тры камплекты ўзнагарод заваявалі нашы атлеты. Золата ў мужчынскіх і жаночых скачках і бронза ў індывідуальнай мужчынскай праграме Уладзіслава Ганчарова. Рубрыка "Матчбол" - пра самыя галоўныя падзеі спорту на мінулым тыдні.

Салігорскі "Шахцёр", "Дынама" брэсцкае і мінскае. І вось толькі потым - барысаўскі БАТЭ. Менавіта так выглядае турнірная табліца нацыянальнага першынства пасля чацвёртага тура. Як развіваліся падзеі на футбольных палях краіны - зараз вашай увазе. 

Для многіх стаў нечаканым вынік матча навічка Вышэйшай лігі сталічнага клуба РЦАР з брэсцкім "Дынама". Яшчэ на 14-й хвіліне Яўген Юдчыц лік адкрыў. А Дзяніс Лапцеў толькі на 60-й хвіліне яго зраўняў. Больш галоў не было.

Апошнімі закрылі праграму 4-га тура футбалісты "Гомеля" і салігорскага "Шахцёра". У канцы гульні адзіны і вырашальны ўдар нанёс нападаючы "гарнякоў" Мікалай Януш. Пасля гэтага "Шахцёр» падняўся на першае месца ў турнірнай табліцы.

Зборная Беларусі па хакеі стала галоўнай сенсацыяй юніёрскага чэмпіянату свету. Хлопцы Яўгена Ясавулава заявілі пра сябе пасля перамогі над дзеючымі чэмпіёнамі свету - фінамі. 

Спачатку беларусы абгулялі моцную каманду Чэхіі 4:3. Затым нас чакала бітва з фінамі, якія год таму сталі лепшымі ў свеце. І вось тут ключавым момантам стаў упэўнены старт, калі беларускія юнакі закінулі некалькі шайбаў у вароты саперніка. У выніку лік стаў 4:3 на карысць нашай зборнай. 

Сёння гуляем супраць Швейцарыі. Аднак учора балюча саступілі галоўнаму фаварыту турніру - Канадзе. Тым не менш месца ў плэй-оф сабе забяспечылі раней.

Вяртаемся ў Беларусь, дзе на мінулых выхадных адбыліся першыя матчы фіналу жаночага чэмпіянату краіны па валейболе. У Брэсце дзве гульні правялі мясцовае "Прыбужжа" і дзеючыя чэмпіёны краіны - валейбалісткі "Мінчанкі", якія правялі насычаны сезон у расійскай Суперлізе і ў Лізе чэмпіёнаў. У абодвух матчах "Мінчанка" ўпэўнена абышла апанентак. І стала вельмі блізкай да заваявання чарговага чэмпіёнскага тытула. 

Напрыканцы "Матчбола" – тэніс, Кубак Федэрацыі, паўфінальная стадыя. Беларусь другі раз у гісторыі магла выйсці ў фінал розыгрышу. Крыху не хапіла.

Першы бал нашай камандзе прынесла Арына Сабаленка, якая перамагла аўстралійку Саманту Стосур. Потым на корты Брысбена выйшла экс першая ракетка свету Вікторыя Азаранка, якая, на жаль, саступіла. На наступны дзень дзяўчаты зборнай Беларусі абмяняліся саперніцамі. І гэтым разам Азаранка перамагла, а Сабаленка саступіла. Вырашальным стаў парны паядынак, у якім мацнейшымі аказаліся аўстралійкі. Аднак зборная Беларусі ў 2020 зноў выступіць у Сусветнай групе.