Рубрыка "Матчбол"

13 ноября 2017

Мінскае хакейнае “Дынама” пасля паўзы вяртаецца на лёд “Мінск-Арэны”. У чарговым паядынку КХЛ “зубры” сёння згуляюць супраць аднаго з лідараў Усхода - казанскага “Ак Барса”. Паспець на “Арэну” яшчэ час ёсць, а калі не атрымліваецца, сачыце за тэлетрансляцыяй на “Беларусь 5”. А вось што ўжо адбылося ў спартыўным свеце - раскажа “Матчбол”.

Зразумела, рубрыку пачынаем з самай значнай спартыўнай падзеі года - Кубка Федэрацыі. Нават праз дзень пасля фіналу турніру, знаходзячыся на дастатковай адлегласці ад месца тэнісных баталій, узгадваць сцэнарый сустрэчы без эмоцый усё роўна немагчыма.

Жаночая зборная нашай краіны спынілася за адзін крок ад тытула лепшай ў свеце. Спынілі беларусак тэнісісткі Злучаных Штатаў Амерыкі, а больш дакладна, адна тэнісістка - Кока Вандэвеге. Дзясятая ў сусветным рэйтынгу перамагла і Арыну Сабаленку, і Аляксандру Сасновіч, перад апошняй гульнёй фіналу лік быў роўны: 2-2.

Парная гульня павінна была расставіць усе кропкі над “і”, што ў выніку і адбылося. Агульным рашэннем Арына Сабаленка разам з Аляксандрай Сасновіч выйшлі на корт супраць Шэлбі Роджэрс і ўсё той жа Кока Вандэвеге, прайграўшы першы сэт 3-6. У другім беларускі вялі 5-2, аднак вопыт першага нумара гасцей адыграў сваю ролю. Менавіта Вандэвеге пераламіла ход сэта, а на тай-брэйку прынесла перамогу камандзе ЗША: 7-6.

Як фіналісты Кубка Федэрацыі ў 1/4 новага розыгрышу турніру беларускі зноў згуляюць дома. У лютым 2018 на “Чыжоўка-Арэне” прымем каманду Германіі.

На жаль, не атрымалася на мінулым тыдні выйсці ў групавы раунд валейбольнай Лігі чэмпіёнаў ні салігорскаму “Шахцёру”, ні “Мінчанцы”.

“Шахцёр” у сталіцы прымаў адну з наймацнейшых каманд сучаснасці - італьянскую “Перуджу”. Фаварытамі сустрэчы, зразумела, былі госці. Аднак у першай партыі “гарнякі” сенсацыйна здолелі перамагчы, а вось развіць поспех больш вопытныя італьянцы беларусам не дазволілі. Як вынік - паражэнне Салігорска 1-3 дома і 0-3 на выездзе. Валейбалісткі “Мінчанкі” і ўвогуле змагаліся супраць дзеючых пераможцаў турніру - турэцкага клуба “Вакыфбанк”. На жаль, у дзвюх гульнях беларускі клуб саступіў 0-3, 0-3. Далей абедзве нашы каманды працягнуць выступленне ў другім па значнасці турніры Старога Свету - Кубку ЕКВ.

На гэтым тыдні пераключаем сваю ўвагу на КХЛ - падтрымліваем “Дынама”, сочым за выступленнем у Еўропе жаночай зборнай краіны па баскетболе і сталічнымі “Цмокамі”, а ў суботу цікавімся гандбольным матчам паміж мінскім СКА і іспанскім клубам “Лагронья”. Усё гэта, зразумела, на тэлеканалах БТ.