Рубрыка "Матчбол"

1 июля 2019

II Еўрапейскія гульні  завершаны. Напярэдадні   на стадыёне "Дынама"  прайшла ўрачыстая цырымонія закрыцця спаборніцтваў. 200  камплектаў   узнагарод знайшлі сваіх уладальнікаў - Беларусь на другім месцы ў агульным медальным заліку. Апошнія акорды спартыўнага форуму - у рубрыцы "Матчбол".

У апошні дзень спаборніцтваў беларусы заваявалі яшчэ 8 медалёў. Чэмпіёнамі Гульняў сталі Кірыл Грышчанка і Таццяна Шаракова. Такім чынам агульная колькасць залатых медалёў дасягнула 24-ох.

Таццяне не было роўных у індывідуальнай гонцы праследавання, Кірыл - лепшы сярод барцоў грэка-рымскага стылю ў вагавой катэгорыі да 130 кілаграмаў. У вырашальным паядынку беларус мацнейшы за Якаба Каджая з Грузіі - 5:1. 

А партнёр Грышчанкі па камандзе - Аляксандр Грабовік - у вазе да 97  кілаграмаў стаў сярэбраным прызёрам. Адзначым, другое месца і ў баксёра Уладзіслава Смяглікава. У спартыўнай гімнастыцы беларусы заваявалі дзве бронзы: яны ў актыве Андрэя Ліхавіцкага і Анастасіі Алістратавай. Трэцімі сталі і каратысты ў раздзеле кумітэ - бронза ў катэгорыі да 50-ці кілаграмаў у Марыі Кулінковіч і ў Арцёма Краўцова ў катэгорыі да 67 кілаграмаў. 

Па выніках гульняў: 109 узнагарод і першае месца – у  Расіі. Беларусы таксама выканалі пастаўленую задачу - 69 медалёў, 24  вышэйшай пробы, 16 сярэбраных і 29 бронзавых. На трэцім месцы зборная Украіны, затым ідзе зборная Італіі, замыкае пяцёрку каманда Нідэрландаў. 

Тым часам у 13 туры Вышэйшай лігі чэмпіянату краіны па футболе  лідары сезона сінхронна перамагаюць.

БАТЭ на "Барысаў-Арэне" ўпэўнена мацнейшыя за футбалістаў з Віцебска 3:0, дубль у актыве Станіслава Драгуна. Салігорскі "Шахцёр" 1:0 атрымаў перамогу над "Славіяй".

Брэсцкае "Дынама" дома не заўважыла "Іслач" 5:1. «Тарпеда-БелАЗ» згуляў у нічыю з "Энергетыкам" -  3:3. У турнірнай табліцы барысаўчане адстаюць ад брастаўчан на два балы, «гарнякі» з Салігорска трэція - у іх актыве 28 ачкоў.

Жаночая зборная Беларусі па баскетболе не здолела кваліфікавацца ў плэй-оф чэмпіянату Еўропы, які ў гэтыя дні праходзіць у Сербіі і Латвіі. Нашы баскетбалісткі ў ключавым паядынку групавога раўнда прайгралі Расіі, 62:76. І завяршылі барацьбу ў турніры на апошнім, чацвёртым, месцы групы "Дзі".

На гэтым тыднi сочым за тэнісам: вашай увазе Уімблдон. У пятніцу нас чакае цэнтральны паядынак чэмпіянату краіны па футболе "Дынама-Мінск" - БАТЭ. Паралельна сочым за чэмпіянатам Еўропы па баскетболе. Усё гэта, зразумела, на тэлеканалах Белтэлерадыёкмапніі - любіце спорт і мы абавязкова яшчэ ўбачымся.