Рубрыка "Матчбол"

19 марта 2018

Чарговая ўзнагарода Дар'і Домрачавай у біятлоне, сярэбраны медаль Марыны Зуевай у канькабежным спорце і фантастычнае дасягненне нашых паралімпійцаў – яны 8-ыя ў агульнакамандным заліку. Сёння спартыўны агляд у рубрыцы “Матчбол” насычаны падзеямі. І не пакінем без увагі футбол – сезон у гэтым відзе спорту на самым старце.

Мінулы тыдзень у беларускім спорце стаў вельмі насычаным на перамогі нашых спартсменаў на міжнародных спаборніцтвах. Дар'я Домрачава перамагала ў біятлоне, Марына Зуева станавілася другой у канькабежным спорце. Але ўсё ж такі вялікае жаданне адзначыць поспех нашых паралімпійцаў. На Гульнях у Карэі яны ў выніку сталі 8-мі. Безумоўна, дасягненне фантастычнае.

Гімн нашай краіны чатыры разы гучаў у Пхёнчхане. Усяго беларускія спартсмены заваявалі 12 узнагарод, чатыры з якіх – найвышэйшай якасці. Тройчы чэмпіёнкай Паралімпіяды стала Святлана Саханенка, і адзін раз перамагаў Юрый Голуб.

Увогуле дасягненне нашых спартсменаў унікальнае. Гэта лепшае выступленне ў гісторыі паралімпійскага руху ў Беларусі. Каб увайсці ў ТОП-10 і стаць восьмымі на планеце, трэба было шмат папрацаваць.

Яшчэ на Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане беларуская канькабежка Марына Зуева паказвала вельмі высокія вынікі, але да п'едэстала пакуль дабегчы не змагла. Тым не менш, 6 месца ў гонцы з масавага старту было вельмі паспяховым. Праз тры тыдні ў Мінску - этап Кубка свету, заключны ў гэтым сезоне. І менавіта на хатнім лёдзе Марына ўпершыню ў кар'еры паднялася на п'едэстал. Яна стала другой на дыстанцыі 3000 метраў.

Этап Кубка свету, які прайшоў на канькабежным авале “Мінск-Арэны”, стаў чарговым спаборніцтвам па гэтым відзе спорту. Напрыканцы сакавіка, звяртаем вашу ўвагу, у Беларусі пройдзе чацвёрты чэмпіянат свету сярод студэнтаў.

Этап Кубка свету ў нарвежскім Халменколене атрымаўся для чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнкі Дар'і Домрачавай зноў пераможным. Яна стала лепшай у гонцы праследавання, зноў паказаўшы як выдатную хуткасць, так і якасную стральбу.

Заключны этап Кубка свету пройдзе з 21 па 25 сакавіка ў расійскай Цюмені.

Пачатак сезона ў беларускім футболе атрымліваецца вельмі непрадказальным па выніках. У паўфінал змог прабіцца толькі адзін клуб, які прадстаўляе Цэнтральны рэгіён – гэта барысаўскі БАТЭ. А вось салігорскі “Шахцёр” сенсацыйна ўступіў магілёўскаму «Дняпру» па выніку двух матчаў. А «Слуцк» не змог перамагчы ўладальніка Суперкубка – брэсцкае «Дынама». Вядомы і паўфінальныя пары. «Днепр-Магілёў» - «Дынама-Брэст». БАТЭ-Барысаў - «Нёман-Гродна».

А зараз мы чакаем вельмі значнай падзеі ў гісторыі беларускага валейбола. “Мінчанка” фактычна забяспечыла сабе месца ў фінале Кубка ЕКВ – такога дасягнення ў нашым спорце яшчэ не было. У першым паўфінальным матчы беларускі абыгралі «Штутгарт», 3:2, і заўтра на пляцоўцы спарткомплексу «Уручча» прымуць дзяўчат з Германіі. Падтрымка ў такім значным матчы важная як ніколі.