Рубрыка "Матчбол"

16 сентября 2019
Гэта быў дзень, калі кожны мог стаць лепей на адзін крок. Мінскі паўмарафон на свой пяты - юбілейны год - стаў вялікай культурнай з'явай і выйшаў за межы нашай краіны. Колькасць спартсменаў з іншых  дзяржаў  сапраўды  ўражвае. Менавіта з гэтай тэмы сёння і пачынаем  наш  спартыўны  агляд.

Рэкордныя 40 тысяч бегуноў, якія прыехалі ў Беларусь з амаль 7-мі дзясяткаў краін. Паўмарафон у Мінску зноў б'е рэкорды. У гэтым годзе акрамя эмоцый і незабыўных уражанняў на фінішы пераможцу чакаў прыз - 60 тысяч долараў. Гэта ўжо пяты паўмарафон. Па традыцыі можна было выбраць дыстанцыю: 21 кіламетр, 10 з паловай і самую папулярную - пяць з паловай кіламетраў. Яе абаранілі 25  тысяч аматараў здаровага ладу жыцця. Прабегла розныя дыстанцыі і наша каманда Агенцтва тэленавін. А завяршыўся Мінскі паўмарафон таксама душэўна - дзіцячым забегам. На год галоўны беларускі масавы забег бярэ паўзу. Але абавязкова вернецца на вуліцы беларускай сталіцы. 

А цяпер звернем увагу на прафесійны спорт. У беларускім футболе надыходзіць вельмі цікавы час - брэсцкае "Дынама" і БАТЭ ў чаканні матча паміж сабой, які, верагодна,  вырашыць лёс чэмпіёнства. Але і салігорскі "Шахцёр" не збіраецца адступаць. Напярэдадні "гарнякі" згулялі з "Іслаччу" Аляксандра Глеба. Матч атрымаўся цяжкім для прэтэндэнта на медалі нацыянальнага першынства - салігорскага "Шахцёра". "Іслач" па традыцыі навязала моцную барацьбу апаненту. Але ніводнага голу каманда, якая прадстаўляе Мінскі раён, забіць не змагла. А вось у “Шахцёра” атрымалася - на 64-й хвіліне мяч на свой лік запісаў Эліс Бакай. 1:0. 

Напярэдадні вынікам і гульнёй парадавала сваіх балельшчыкаў мінскае "Дынама" на хатнім лёдзе, другая ў сезоне перамога. Гэтую вікторыю "зубрам" забяспечылі шайбы Аляксандра Кітарава, Шэйна Прынса і Андрэя Касціцына. Вырашальны кідок адбыўся за паўхвіліны да фінальнай сірэны. 3:2. 

Яскравую гульню напярэдадні паказалі і гульцы зборнай Беларусі па валейболе. Каманда, якой кіруе Віктар Бекша, змагла дабыць вельмі цяжкую і важную вікторыю на мужчынскім чэмпіянаце Еўропы, які пачаўся на мінулым тыдні. Сапернік - моцная каманда Фінляндыі. І ў першых дзвюх партыях беларускія хлопцы саступілі, 0:2. А вось затым прадэмастравалі характар  і перавярнулі ход гульні. Выйграўшы з лікам 3:2! І вось сёння мы таксама чакаем гульні высокай якасці ад нашай нацыянальнай каманды. Сапернік - не такі моцны, але лёгкіх на чэмпіянаце Еўропы не бывае. Сустрэчу супраць зборнай Паўночнай Македоніі ў 21:20 пакажа тэлеканал "Беларусь 5".