Рубрыка "Матчбол"

11 мая 2015

Першая ў гісторыі! Мінулы чацвер назаўсёды запомняць айчынныя аматары хакея: зборная Беларусі на чэмпіянаце свету ўпершыню атрымала перамогу ў матчы супраць зборнай ЗША, прычым больш як упэўнена - 5:2. Гэты ж дзень застанецца ў памяці выхаванцаў спартыўнай школы футбольнага клуба “Мінск”: “гараджане” пасля рэканструкцыі адкрылі новы стадыён.

Рубрыка “Матчбол” працягне выпуск.

Вельмі ўдалы для беларусаў 79-ы чэмпіянат свету па хакеі, на жаль, ужо выходзіць на фінішную прамую. На гэты момант толькі зборная Славакіі можа не пусціць дружыну Дэйва Льюіса ў плэй-оф планетарнага форуму, аднак зараз усё ў руках нашых хакеістаў: перамога над Нарвегіяй у асноўны час гарантуе беларусам пуцёўку ў чвэрцьфінал.

Пасля пяці паядынкаў у нашай каманды дзесяць балаў, у Славакіі – сем. Калі пасля сямі гульняў у абедзвюх дружын будзе аднолькавая колькасць балаў, далей пройдзе менавіта Славакія дзякуючы вікторыі ў асабістай сустрэчы.

Аднак пасля фантастычнай перамогі над зборнай ЗША 5:2, першай у нашай гісторыі, хіба ж выглядае чымсьці неверагодным вікторыя ў сустрэчы супраць Нарвегіі ці Фінляндыі, зразумела, не... Так, у суботу прайгралі Расіі 0:7, але пра гэта зараз проста трэба забыць. Часам не важна, як ты б'еш, а важна, як ты трымаеш ўдар!

Мінулы чацвер застанецца ў памяці і выхаванцаў спартыўнай школы футбольнага клуба “Мінск”. Пасля шматгадовай рэканструкцыі ў Лошыцы нарэшце адкрыўся новы стадыён.

Парадокс, аднак сённяшні матч футбалісты “Мінска” супраць сталічнага “Дынама” на новай арэне правесці не змогуць ад таго, што са стадыёна пакуль немагчыма арганізаваць тэлетрансляцыю. Гульня такім чынам пройдзе на “Трактары”, пачатак у 18 гадзін.

А цяпер зноў вяртаемся да хакея. Праз дзве гадзіны зборная Беларусі на чэмпіянаце свету пачне гульню супраць Фінляндыі - прамая трансляцыя на “Беларусь 1”, аднак куды большае значэнне ў выпадку сённяшняга пройгрышу будзе мець сустрэча з Нарвегіяй. Заўтра прыкладна ў 19:30 даведаемся адказ, цi выйшла Беларусь у плэй-оф турніру, зараз зразумела адно: без вашай падтрымкі будзе складана. Любіце спорт, і яшчэ ўбачымся.