Рубрыка "Матчбол"

1 апреля 2019
"Шахцёр" ці "Нёман"?! Хто складзе пару сталічнаму "Юнацтву" ў фінале Кубка Прэзідэнта па хакеі? Адказ на пытанне даведаемся ўжо сёння. Вырашальны паядынак паўфінальнай серыі Экстралігі стартуе праз гадзіну, прамая трансляцыя на "Беларусь 5". А вось пра тое, што ўжо адбылося, - рубрыка "Матчбол".

Чарговы, ужо дваццаць дзявяты чэмпіянат Беларусі па футболе нарэшце стартаваў. Фаварыты першынства сінхронна перамагаюць, працягвае здзіўляць у новым сезоне "Іслач" з Мінскага раёна. Нагадаем, каманда Жукоўскага абышла БАТЭ ў чвэрцьфінале Кубка Беларусі, а ў першым туры перамагла "Гарадзею" 2:0. 

Салігорскі "Шахцёр" 1:0 мацнейшы за мінскае "Тарпеда", сталічнае "Дынама" перамагае "Славію" з такім жа лікам. А вось яшчэ адзін прадстаўнік цэнтральнага рэгіёна - жодзінскае "Тарпеда" - саступае брэсцкаму "Дынама" 1:2.

Сталічны "Энергетык-БДУ" падзяліў ачкі са "Слуцкам" 0:0. Дзеючы чэмпіён БАТЭ стартаваў з упэўненай перамогі над "Дняпром". Барысаўчане і футбалісты "Іслачы" з-за лепшай розніцы галоў –  на вяршыні турнірнай табліцы.

Зборная Беларусі па хакеі працягвае падрыхтоўку да чэмпіянату свету ў першым дывізіёне: трэніроўка нацкаманды пачалася сёння на "Чыжоўка-Арэне", наперадзе гульня супраць алімпійскай зборнай Расіі. 15 хакеістаў сёння выйшлі на лёд, адзначым маладых Міхальчука і Калячонка ў складзе каманды. Ужо заўтра склад зборнай папоўніць Даніла Карабань, Максім Сушко напрыканцы тыдня. Ужо дакладна ў красавіку ўзмоцняць склад Нік Бэйлен і Джэф Плат.

Нагадаем, зборная Беларусі выступіць у першым дывізіёне чэмпіянату свету: на дзве пуцёўкі ў эліту сусветнага хакея таксама прэтэндуюць зборныя Славеніі, Венгрыі, Літвы, Паўднёвай Карэі і Казахстана. У рамках падрыхтоўкі да першынства планеты ў першым дывізіёне пятага і шостага красавіка беларусы на "Чыжоўка-Арэне" згуляюць супраць алімпійскай зборнай Расіі.

На гэтым тыдні сочым за хакеем, сёння салігорскі “Шахцёр” правядзе вырашальны матч супраць “Нёмана” ў паўфінале Кубка Прэзідэнта, наперадзе залатая серыя; баскетбалісты сталічных “Цмокаў” у чацвер згуляюць супраць “Енісея”, а ўжо ў пятніцу стартуе другі тур чэмпіянату краіны па футболе. Усе гэта, зразумела, на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт, і мы абавязкова яшчэ ўбачымся.