Рубрыка "Матчбол"

1 августа 2016

Хакейныя эмоцыі ў сярэдзіне лета дораць сталічныя клубы "Юнацтва" і "Дынама". Першыя працягваюць падрыхтоўку да старту ў Лізе чэмпіёнаў, а другія рыхтуюцца да чарговага – дзявятага - сезона ў КХЛ. І планета затаіла дыханне ў чаканні Алімпійскіх гульняў. З гэтага Станіслаў Ліпскі і пачынае рубрыку «Матчбол».

Усяго чатыры дні застаецца да старту XXXI летніх Алімпійскіх гульняў, грандыёзнае спартыўнае свята ўпершыню ў гісторыі пройдзе ў Паўднёвай Амерыцы - у Рыа-дэ-Жанейра.

Беларусь на Гульнях прадставяць 124 атлеты. Яны выступяць у 25 відах спорту і 76 дысцыплінах алімпійскай праграмы. Бадай, аднымі з самых цікавых спаборніцтваў для беларусаў стане жаночы баскетбольны турнір. Каманда Анатоля Буяльскага другі раз выступіць на Алімпіядзе – у Пекіне дзяўчаты былі шостымі.

Першую гульню зборная Беларусі правядзе шостага жніўня супраць Японіі. А напярэдадні, у ноч з пятніцы на суботу, у прамым эфіры нашага тэлеканала вас чакае цырымонія адкрыцця Алімпіяды.

Сталічнае хакейнае "Дынама" тым часам атрымала перамогу ў сваім першым паядынку ў сезоне - у таварыскай гульні сталічныя мацнейшыя за "Югру".

Для Крэйга Вудкрафта – новага настаўніка мінчан - гэтая гульня стала першай на яго пасадзе. Таму вельмі важна было амерыканцу стартаваць з перамогі. На адзін дакладны стрэл гасцей "зубры" адказалі трыма: Бэйлен, Усціненка і Шынкевіч вызначыліся ў складзе бела-блакітных. Наступны таварыскі паядынак мінчане згуляюць у Маскве чацвёртага жніўня супраць мясцовага "Дынама".

Дарэчы, у чацвер сталічнае "Юнацтва" на "Чыжоўка-Арэне" сустракалася з гэтай камандай і саступіла апаненту 4:5. Каманда Міхаіла Захарава працягвае падрыхтоўку да старту ў хакейнай Лізе чэмпіёнаў. Першую гульню ў турніры мінчане правядуць 16 жніўня: у сталіцу завітае клуб з Чэхіі «Млада Баляслаў».

На гэтым тыдні сочым за футбольнымі Еўракубкамі - БАТЭ, "Тарпеда" і "Дынама" за крок ад раўнда плэй-оф, - паралельна цікавімся хакейным Кубкам Салея і чакаем старту Алімпійскіх гульняў. Усё гэта, зразумела, на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт, і мы абавязкова ўбачымся.