Рэпартаж з алімпійскай вёскі ў Пхёнчхане

6 февраля 2018

У Пхёнчхане размешчана галоўная алімпійская вёска

Практычна ўсе беларускія спартсмены ўжо паспелі абжыцца ў алімпійскай вёсцы. За дзень да адкрыцця Алімпіяды тут чакаюць прылёт нашай гарналыжніцы Марыі Шканавай і каманды па фрыстайле, якія зараз завяршаюць трэніроўкі ў Японіі. Здымачнай групе Агенцтва тэленавін удалося пабываць у вёсцы. Чым кормяць нашых алімпійцаў, а галоўнае - як часта запрашаюць на допінг-кантроль, ведае Мікалай Стула.

Алімпійская вёска - гэта месца, дзе спартсмены не проста жывуць, але і трэніруюцца. Ірына Крыўко і Надзея Пісарава былі першымі, каго мы тут сустрэлі. Біятланісткі рабілі прабежку.

У Пхёнчхане размешчана галоўная алімпійская вёска. Яна здольная прыняць амаль 4 тысячы чалавек. Комплекс складаецца з васьмі жылых 15-павярховых будынкаў, агульная ўмяшчальнасць якіх 600 нумароў. Кватэры ў іх ужо прададзены. Пасля Паралімпіяды тут зладзяць уваходзіны, і перанаселены па беларускіх мерках спальны раён зажыве мерным жыццём.

Беларусы жывуць у гэтым доме побач з паліклінікай. Зверху кватаруюць эстонцы, знізу латышы. Нашых спартсменаў ужо некалькі разоў турбавалі допінг-афіцэры. Але ў параўнанні з расіянамі гэта кропля ў моры.

А вось з вялікай сумкай да дома падыходзіць лыжнік Міхаіл Сямёнаў. Гаворыць: не, не з шопінгу, з пральні.

Сталовая ў алімпійскай вёсцы проста вялізная - памерам з футбольнае поле. Сустракаем тут Юрыя Данілачкіна.

Наш гарналыжнік пацвярджае, што ў алімпійскай вёсцы спартсмены дзеляцца на дзве катэгорыі. Адны вельмі хвалююцца за вынік і крыху замкнутыя. Некаторыя ж кіруюцца алімпійскім прынцыпам: галоўнае не перамога, галоўнае ўдзел.

Журналісты тут маглі знаходзіцца сёння толькі тры гадзіны. Па дарозе зноў сустракаем біятланістак. Пасля сталовай паспелі забегчы па сувеніры.

Заўтра на плошчы ў алімпійскай вёсцы адбудзецца ўрачыстае ўзняцце беларускага флага. Некаторыя каманды ў такім мерапрыемстве прынялі ўдзел ужо сёння.