Раўбічы гатовыя да чэмпіянату свету па летнім біятлоне

21 августа 2019

Праз 20 гадоў планетарны форум вярнуўся ў спарткомплекс. На лыжаролеры ўстануць  прадстаўнікі Бельгіі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Польшчы, Расіі, Украіны, Швейцарыі. Усяго ў заяўцы на чэмпіянат свету 26 зборных і каля 300 спартсменаў. Балельшчыкі змогуць убачыць многіх зорак сусветнага біятлона: Ганну Фроліну, Красіміра Анева, Валянціну і Віту Семярэнка. Зборная Беларусі выступіць наймацнейшым складам. У заяўку ўключаны і алімпійскія чэмпіёнкі: Дынара Алімбекава і Ірына Крыўко. Сёння каманды засяліліся і нават выпрабавалі трасу і стрэльбішча. Першая афіцыйная трэніроўка адбудзецца толькі заўтра.

Юрый Альберс, галоўны трэнер зборнай Беларусі па біятлоне: "Кожны спартсмен марыць пра заваяванне медаля. Зразумела, што мы дома хочам выступіць як мага лепш. Але канкрэтнага плана - пяць медалёў, два, адзін або чатыры - такога няма. Спартсмены будуць выступаць і цалкам выкладвацца, каб паказаць добры вынік".

У пятніцу ў 9 раніцы пройдзе цырымонія адкрыцця летняга чэмпіянату свету па біятлоне. У праграме спаборніцтваў суперспрынт, спрынт і гонкі праследавання. Завершыцца першынство ў нядзелю.