Правы на тэлетрансляцыі II Еўрапейскіх гульняў ужо прададзеныя на 122 тэрыторыі

27 марта 2019

II Еўрапейскія гульні ўбачаць на ўсіх кантынентах. На дадзены момант  правы на тэлетрансляцыі прададзеныя на 122 тэрыторыі.

Цікавасць да мультыспартыўнага форуму  выявілі не толькі краіны Старога Свету, але і ЗША, Новая Зеландыя, Кітай, Паўднёвая Амерыка і многія іншыя. У сярэднім  аб'ём трансляцый на кожнай тэрыторыі складзе каля 70 гадзін. 

Такія звесткі былі прыведзены сёння падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай арганізацыі тэлетрансляцый II Еўрапейскіх гульняў. Працаваць над асвятленнем галоўнага спартыўнага форуму года будзе інтэрнацыянальная каманда. 

Яшчэ да старту, а таксама падчас і пасля Еўрапейскіх гульняў  у эфіры каналаў Белтэлерадыёкампаніі будуць выходзіць амаль два дзясяткі разнастайных праектаў. Яны дапамогуць балельшчыкам не толькі даведацца нюансы відаў спорту, але і пазнаёміцца з нашымі спартсменамі, а таксама атрымаць поўную інфармацыю пра закуліссе мультыспартыўнага форуму. Напрыклад, ужо ў гэты чацвер гледачы "Беларусь 1" змогуць убачыць другі выпуск праекта Агенцтва тэленавін "Гульні.by". Аўтары распавядуць усё самае цікавае пра веласпорт і не толькі.

Больш за тое,  наша творчая група адправіцца ў Рым, дзе 3 мая запаляць агонь Еўрапейскіх гульняў. А гэта значыць, што гледачы атрымаюць унікальную магчымасць прасачыць шлях агню ад яго зараджэння да фінальнага пункта - чашы стадыёна "Дынама".

Цырымоніі адкрыцця і закрыцця Еўрапейскіх гульняў у прамым эфіры - на "Беларусь 1". Тэлеканалы "Беларусь 2" і "Беларусь 5" у рэжыме пераклічкі пакажуць усе спартыўныя спаборніцтвы. Галоўны спартыўны канал краіны і зусім стане на гэты час кругласутачным.