Пад Мінскам пройдуць самыя маштабныя ў гісторыі Беларусі спаборніцтвы па верталётным спорце

23 июля 2018

Ужо заўтра пад Мінскам пройдзе адкрыццё самых маштабных у гісторыі Беларусі спаборніцтваў па верталётным спорце. 16-ы чэмпіянат свету сабраў 36 экіпажаў - а гэта 72 пілоты з сямі краін. Удзельнікі будуць спаборнічаць у выкананні чатырох практыкаванняў: па навігацыі, паралельным палёце на дакладнасць, развозцы грузаў і слаламе. Беларусь сярод відавочных фаварытаў чэмпіянату. Летась на чэмпіянаце свету ў Польшчы мы ўзялі серабро. На хатні чэмпіянат спартыўныя амбіцыі яшчэ больш сур'ёзныя. Наша краіна атрымала права на правядзенне сусветнага першынства дзякуючы высокім дасягненням у развіцці авіяцыйных відаў спорту. Гэта падкрэсліў прэзідэнт міжнароднай верталётнай камісіі Жак Берло падчас тэставага чэмпіянату свету ў 2017 годзе на Баравой.

Асноўныя спаборніцтвы пройдуць тут - на аэрадроме Баравая. За маёй спінай вы ўжо можаце ўбачыць верталёты, якія будуць прымаць удзел у спаборніцтвах. Іх галоўная асаблівасць - яны спартыўныя, легкаважныя, лёгка манеўруюць у паветры. Сёлета ў складзе нашай беларускай зборнай 7 экіпажаў. І ўсе гавораць, што сёлета мы фаварыты. Нашы галоўныя канкурэнты - гэта зборная Расіі.

Таксама сёлета ў складзе нацыянальнай зборнай Беларусі два жаночыя экіпажы. Зрэшты, дзяўчаты ні ў чым не саступаюць у майстэрстве мужчынам-пілотам.

Усяго ў ЧС па верталётным спорце сёлета прымае ўдзел 7 зборных каманд. Беларусь, Расія, Украіна, Польшча, Аўстрыя, Германія і Кітай. У менеджара зборнай з Паднябеснай мы пацікавіліся, каго яны лічаць сваімі галоўнымі канкурэнтамі.

Хан Джаафан, менеджар кітайскай зборнай па верталётным спорце: "Насамрэч, мы тут не для таго, каб заваяваць залаты медаль. На чэмпіянатах мы набываем неацэнны вопыт. У Кітаі вельмі добра развітая камерцыйная грамадзянская авіяцыя, але спартыўная пакуль яшчэ толькі пачынае набываць папулярнасць сярод пілотаў. Безумоўна, лідары ў гэтым кірунку - еўрапейцы. І ў першую чаргу, расіяне і беларусы".

Арганізатары распавялі, што самымі відовішчнымі будуць субота і нядзеля. Верталётныя гонкі, дрон-рэйсінг, актывацыі - усё гэта на фестывалі ПРАНЕБА 2018. Тут, на Баравой, уваход вольны, застаецца толькі спадзявацца на добрае надвор'е.