"Полымя міру" завяршае падарожжа па Віцебскай вобласці

29 мая 2019

Беларусь рыхтуецца прыняць ІІ Еўрапейскія гульні. Сёння галоўны сімвал спаборніцтваў - "Полымя міру" - завяршае падарожжа па Віцебскай вобласці. Асноўны пункт маршруту - Орша. Разам з гараджанамі факел сустракала і наш карэспандэнт Вольга Маслоўская.

Орша. Апошні прыпынак захавальнікаў агню ІІ Еўрапейскіх гульняў на тэрыторыі Віцебскай вобласці і чарговы на шляху да сталіцы. Горад сустракае спёкай. На плошчы ля Калегіума езуітаў - менавіта адгэтуль стартуе эстафета агню - маляўніча і шматлюдна. Бо гэта унікальная магчымасць стаць часткай вялікай спартыўнай падзеі, чаканнем якой у гэтыя дні жыве ўся Еўропа.

Пад апладысменты публікі ад незгасальнай лампады захавальнікі агню запальваюць першы факел. Адкрывае эстафету вядомы аршанец, член паралімпійскай зборнай Беларусі па плаванні, чалавек, сіле духу якога можна пазайздросціць, Аляксей Талай. У камандзе факеланосцаў людзі розных прафесій, але ўсіх аб'ядноўвае адно - імі ганарыцца малая радзіма. Складаней усяго на дыстанцыі было Міхею Навуменку. Яму ўсяго адзінаццаць, а ў руках - факел амаль два кілаграмы. Але знаходзіць бліскучы выхад са складаных сітуацый - канёк аршанскага школьніка. Міхей - чэмпіён Еўропы па класічных шахматах у сваім узросце і пераможца чэмпіянату свету па хуткіх шахматах.

Маршруту факеланосцаў - дзве тысячы метраў. А ў тэкстыльшчыкаў Аршанскага льнокамбіната, дзе сёння віталі полымя ІІ Еўрапейскіх гульняў, свая арыфметыка: за гады працы тут выпусцілі столькі метраў тканіны, што хопіць абгарнуць Зямлю па экватары 85 разоў! Рэкордаў тут жадаюць і нашым спартсменам.

Аўтамабілямі, самалётамі і цягнікамі будуць дабірацца атлеты ў сталіцу ІІ Еўрапейскіх гульняў. Шлях тых, хто адправіцца ў Мінск па чыгунцы, магчыма, праляжа праз буйны чыгуначны вузел "Орша" - адгэтуль кожныя суткі ў розныя бакі свету ад’язджаюць больш за сем тысяч пасажыраў. Аршанскі вакзал яшчэ называюць усходнімі варотамі Беларусі. А сёння гэта фінальны пункт эстафеты агню. Полымя запячатваюць. Але наперадзе новыя дарогі. На гэтым эстафету агню "Полымя міру" самы паўночны рэгіён Беларусі перадае Магілёўскай вобласці. Ну і як напярэдадні грандыёзнага спартыўнага свята не падвесці прамежкавыя вынікі? Маршрут полымя ІІ Еўрапейскіх гульняў па Віцебскай вобласці склаў 600 кіламетраў, за шэсць дзён шляху захавальнікі агню зрабілі дзевяць прыпынкаў, а факеланосцамі сталі больш як 50 чалавек.