Паралімпійскія гульні ў Рыа-дэ-Жанэйра ўрачыста закрытыя

19 сентября 2016

Сыходзіць у гісторыю юбілейная, 15-я Паралімпіяда. Гульні ўрачыста закрыліся. Рыа-дэ-Жанэйра перадае эстафету Токіа, дзе паралімпійцы збяруцца праз 4 гады. Беларускім, ды і замежным балельшчыкам запомніцца трыумфальнае выступленне ў Бразіліі нашага плыўца Ігара Бокага - 6 залатых медалёў і адна бронза.

На легендарным стадыёне "Маракана" адбылася цырымонія закрыцця Паралімпіяды. Амаль 4 500 спартсменаў з 170 краін свету разыгралі 528 камплектаў узнагарод у 22 відах спорту. Беларусь прадставіў 21 атлет у пяці дысцыплінах. Большасць узнагарод беларускай каманды заваяваныя ў плаванні.

А вось адзін з галоўных герояў Паралімпійскіх гульняў. Самы тытулаваны спартсмен спаборніцтваў. На яго рахунку два сусветныя рэкорды і шэсць лепшых паказчыкаў Паралімпіяд.

4 гады таму з Лондана Ігар Бокі вярнуўся з шасцю ўзнагародамі. Пяць з іх былі залатымі і адна сярэбраная. Але спартсмен усё роўна знайшоў над чым папрацаваць перад Рыа.

Так, серабро, заваяванае ў Лондане на дыстанцыі 50 метраў вольным стылем, ператварылася ў Бразіліі ў золата з рэкордам Паралімпіяд. А на стаметроўцы брасам, дзе 4 гады таму медаля і не было, з'явілася бронза.

Такім чынам, Ігар Бокі стаў шасціразовым чэмпіёнам у Рыа і адзінаццаціразовым пераможцам Паралімпіяд.

Яшчэ адзін залаты медаль у плаванні заваяваў Уладзімір Ізотаў. Ён стаў першым, пабіўшы сваё ж дасягненне Лондана на дыстанцыі 100 метраў брасам, - новы паралімпійскі рэкорд.

У фехтаванні на калясках Андрэй Праневіч таксама паднімаецца на вышэйшую прыступку п'едэстала.

Праз 12 гадоў на п'едэстал Паралімпійскіх гульняў паднімаецца Аляксандр Трыпуць. У Афінах ён быў лепшым у кіданні кап’я, а з Рыа наш сцяганосец вяртаецца з бронзай.

Як і планаваў трэнерскі штаб, каманда заваявала 10 медалёў: 8 залатых і 2 бронзавыя. Гэты высокі вынік дазволіў нашай зборнай патрапіць у дваццатку лепшых у медальным заліку.

Мы 19-я. А роўных не было паралімпійцам з Кітая - 239 узнагарод, 107 з якіх вышэйшай пробы. Другая пазіцыя ў Вялікабрытаніі, замкнулі тройку лідараў украінцы.