Алімпійскія гульні ў Пхёнчхане афіцыйна закрытыя

26 февраля 2018

Урачыстая цырымонія прайшла на стадыёне "Канвонда". Пра тое, як Паўднёвая Карэя, а разам з ёй і ўся планета, развітвалася з Алімпіядай, раскажа Крысціна Камыш.

35-тысячная арэна ў правінцыі Канвонда была створаная толькі для цырымоній адкрыцця і закрыцця Алімпіяды. Гэты стадыён зараз часткова дэманціруюць. Але ўчора ён зіхацеў усімі фарбамі, бо свет развітваўся з галоўным зімовым стартам чатырохгоддзя. Гульні ў Пхёнчхане - гэта 92 краіны, каля трох тысяч удзельнікаў, 17 дзён напружанай барацьбы, 15 спартыўных дысцыплін і рэкордныя 102 камплекты ўзнагарод.

У неафіцыйным медальным заліку перамагла зборная Нарвегіі. 14 залатых, столькі ж сярэбраных і 11 бронзавых узнагарод. Беларусь на 15-м месцы. Перамогі Ганны Гуськовай у фрыстайле, жаночай эстафетнай каманды ў біятлоне і серабро Дар'і Домрачавай у мас-старце.

Менавіта чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнцы было даверана несці флаг Беларусі на традыцыйным шэсці ўсіх краін-удзельніц. Сцягі 12 каманд на парадзе былі ў руках валанцёраў. Спартсмены і члены дэлегацый некаторых краін пакінулі Гульні да іх закрыцця.

У цырымоніі былі задзейнічаныя больш за сотню акцёраў. Двухгадзінны паказ падзялілі на некалькі частак. "Наступная хваля" - як вера ў будучыя пакаленні. Нумар "Па хвалях памяці" прысвяцілі героям мінулых Гульняў, якія пайшлі з жыцця. Асаблівае ўражанне зрабіла шоу дронаў з ліхтарыкамі: з іх склалі ў небе сімвал старту ў Паўднёвай Карэі - тыгра Сухарана. Паспелі арганізатары правесці і цырымонію ўзнагароджання, бо ў апошні дзень Алімпіяды разыгралі 4 камплекты ўзнагарод. А потым мэр Пхёнчхана Лі Сок Рэ перадаў алімпійскі флаг прэзідэнту МАК Томасу Баху, які ўручыў палотнішча мэру Пекіна Чэнь Цзініну. Менавіта ў сталіцы Кітая пройдзе зімовая Алімпіяда - 2022.

Томас Бах, кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэта: "За апошнія 17 дзён мы пражылі Гульні, якія заснаваныя на традыцыях і паказваюць шлях у будучыню. Гэтая Алімпіяда - Гульні новых гарызонтаў. Мы прапаноўваем кожнаму аб'яднаць сілы. Дарагія спартсмены, вы лепшыя паслы нашага аптымізму. Дзякуй за сумленную гульню і канкурэнтны дух. Арганізатарам я таксама гавару дзякуй ад усяго сэрца. Зараз я абавязаны аб'явіць Алімпійскія гульні - 2018 у Пхёнчхане закрытымі. І заклікаю ўсіх сабрацца праз 4 гады ў Пекіне, каб адзначыць 24-ю зімовую Алімпіяду!".

І самая кранальная частка цырымоніі: "Развітанне сняжынкі". Яна загасіла алімпійскі агонь, і Гульні ў Пхёнчхане сталі гісторыяй.

А затым была дыскатэка. Спартсмены, валанцёры, арганізатары, гледачы ўсе разам у адзіным парыве танчылі на галоўнай сцэне пад сэт папулярнага галандскага дыджэя Марціна Гарыкса.