"Алімпійская віза". Небеларускія дысцыпліны

6 февраля 2018

Ужо 9 лютага ў паўднёва-карэйскім Пхёнчхане адкрыюцца ХХIII зімовыя Алімпійскія гульні. 7 відаў спорту - 15 зімовых спартыўных дысцыплін. Беларусы ж будуць удзельнічаць у шасці дысцыплінах. Але нашым прыхільнікам варта пасачыць за ўсімі спаборніцтвамі. Усюды ёсць свая адметнасць. Напрыклад, упершыню ў гісторыі ў бабслеі і скелетоне выступяць афрыканскія спартсмены. Аб тых відах, якія пройдуць без беларускіх атлетаў, але таксама годныя ўвагі - у нашым наступным выпуску "Алімпійскай візы".

Бабслей - не такі бяспечны від спорту, як можа здацца на першы погляд. Боб часта перакульваецца, калі зрабіць тэхнічную памылку.

У пачатку трасы каманда павінна максімальна разагнаць боб, трымаючыся за яго рукой. Калі дасягаецца максімальная хуткасць разгону, усе спартсмены павінны хутка ўскочыць у боб і заняць у ім свае месцы. Хуткасць можа дасягаць 160 кіламетраў за гадзіну. Адлік часу пачынаецца з таго моманту, як толькі санкі перасякуць промень хранометра. Штурхача і таго, хто тармозіць, выбіраюць звычайна з фізічна моцных, магутных атлетаў. У спаборніцтвах па бабслеі кожная каманда робіць па 4 спускі, а перамагае тая, якая выдаткуе на гэта менш часу.

А вось з гэтай спартсменкай з Нігерыі - Сеун Адзігун - перасякалася на спаборніцтвах наша Аліна Талай. Не, вы не недачулі, Адзігун раней займалася бегам з бар'ерамі, яна чэмпіёнка Афрыкі і нават удзельнічала на Алімпійскіх гульнях у Лондане ў 2012 годзе. Праўда, у розных забегах з Талай, і тады Адзігун не змагла пераадолець кваліфікацыю.

Зараз нігерыйка зноў выступіць на Гульнях чатырохгоддзя - праз шэсць гадоў, але ўжо на зімовых.

Гэта трыа ўжо паспела стаць папулярным ва ўсім свеце. Яны – пастаянныя гераіні тэлешоу. Упершыню ў гісторыі зімовых Алімпіяд у бабслеі выступяць прадстаўнікі афрыканскага кантынента. Сеун Адзігун узначальвае экіпаж, таксама ў Пхёнчхане Нгозі Анвумерэ і Акуома Амеога.

Сеун Адзігун, рулявы зборнай Нігерыі па бабслеі: "Наша задума ўсім здавалася сюррэалізмам. Але мы верылі ў сябе, верылі, што дасягнём мэты. Зараз у нас з'явілася новая мара - мы жадаем не проста паехаць на Гульні, але і пазмагацца за медалі. Нашы балельшчыкі зараз абавязкова прыедуць у Карэю, бо гэта першыя ў гісторыі Алімпійскія гульні для Нігерыі".

Ідэя так кардынальна змяніць від спорту прыйшла дзяўчынам два гады назад. Але тады ў іх не было сродкаў, каб набыць сапраўдны боб. Была толькі ідэя. У выніку сродкі на падрыхтоўку і куплю рыштунку спартсменкі знайшлі пры дапамозе краўдфандынгу, сабраўшы больш як 75 тысяч долараў.

Яны размясцілі відэаролік, на якім станцавалі і праспявалі.

А затым паспяхова выступілі ў пяці кваліфікацыйных заездах у спаборніцтвах экіпажаў-двоек у Юце, Уістлеры і Калгары. І так дабраліся да Пхёнчхана.

Увойдзе ў гісторыю і яшчэ адна прадстаўніца Нігерыі. Сіміделе Адэагба дагэтуль не можа паверыць, што выбрана на Алімпіяду ў скелетоне.

Скачкі на лыжах з трампліна - адзін з тых відаў, які таксама можа шакіраваць звычайнага тэлегледача. Спартсмены набіраюць хуткасць каля ста кіламетраў за гадзіну, а пасля адрыву знаходзяцца ў паветры на вышыні ад 5 да 8 метраў. Адзін няслушны рух - і барацьба за медалі можа ператварыцца ў барацьбу за жыццё.

Гэтае падзенне аўстрыйца Томаса Маргенштэрна. Ён двухразовы пераможца Гульняў у Турыне і алімпійскі чэмпіён Ванкувера. Інцыдэнт здарыўся ў студзені 2014 года падчас трэніровачнага скачку. Урачы дыягнаставалі ў атлета цяжкую чэрапна-мазгавую траўму і ўдар лёгкіх, Маргенштэрш у выніку ачуўся, але аб’явіў пра завяршэнне кар'еры.

У фрыстайле беларусы выступяць у лыжнай акрабатыцы, але ў іншых дысцыплінах - не. Так, галоўны трэнер нашай тытулаванай каманды распавядае, што калісьці ў нас у краіне спрабавалі развіваць і могул.

Мікалай Казека, галоўны трэнер зборнай Беларусі па фрыстайле: "У нас могул быў, але ў асноўным сілкаваліся замежнымі спартсменамі. Трэба разлічваць на свае сілы, і дзе мы можам стварыць усю падрыхтоўку самі. Перш за ўсё, патрэбныя спецыялісты, энтузіясты, якія могуць сваім запалам папоўніць недахопы тых або іншых нюансах спецыфічнай падрыхтоўкі".

А пакуль беларусы паўдзельнічаюць у барацьбе за два камплекты ўзнагарод з дзесяці. Могул, скі-крос, слоупстайл і хайфпайп пройдуць без нас.

А гэты турнір не павінен пакідаць абыякавымі хатніх гаспадынь.

У кёрлінг ужо даўно гуляюць і жанчыны, і мужчыны. А на Алімпіядзе ў Пхёнчхане ўпершыню ў гісторыі будзе разыграны тры камплекты медалёў таксама сярод змяшаных пар.

Расійскія фігурысты Аляксандра Сцяпанава і Іван Букін, якія выступаюць у танцах на лёдзе, прапускаюць Гульні па незразумелых прычынах. Міжнародны алімпійскі камітэт не накіраваў запрашэнне Букіну. Адна Сцяпанава, зразумела, выступіць за дваіх не зможа.

Дарэчы, Іван Букін ніколі не меў адносін да допінгавых скандалаў або парушэнняў.

Апраўданыя Арбітражным судом спартсмены з Расіі таксама атрымалі запрашэнні на Гульні не ўсе. 13 чыстых атлетаў і трэнераў МАК адмовіўся запрашаць у Пхёнчхан.

Зараз расіяне збіраюцца звяртацца ў выязную панэль Арбітражнага суда, якая дзейнічае на месцы правядзення спаборніцтваў - у Карэі. Яна разглядае справы на працягу аднаго-двух дзён. Столькі часу пакуль ёсць. Алімпіяда пройдзе ў Пхёнчхане з 9 па 25 лютага.