Агляд спартыўных падзей тыдня ў рубрыцы “Матчбол”

20 сентября 2021

Мужчынскі беларускі тэніс працягвае прыносіць прыемныя інфармацыйныя нагоды. У матчы Кубка Дэвіса зборная Беларусі саступіла Аргенціне, але ў адным з этапаў наш юнак Данііл Астапенкаў зрабіў сенсацыю - перайграў зорку сусветнага тэніса, 15-ю ракетку свету Дыегу Шварцмана.

Спартыўныя тэмы працягнем у традыцыйнай рубрыцы панядзелка “Матчбол”.

Футбольны матч у Барысаве стаў адной з гарачых спартыўных падзей Беларусі ў мінулыя выхадныя. Самыя моцныя і стабільныя клубы краіны апошніх гадоў сустрэліся на “Барысаў-Арэне”. Матч меў вельмі вялікі статус.

Інтрыга ў чэмпіёнскай гонцы Вышэйшай лігі жывая. Гол Шагбоза Умарава прыносіць перамогу на апошніх хвілінах БАТЭ ў матчы 23-га над салігорскім “Шахцёрам”, 1:0. Не змог разабрацца ў эпізодзе з забітым голам галкіпер гарнякоў Аляксандр Гутар. Такім чынам Сяргей Гурэнка ў сваёй трэнерскай біяграфіі зноў не можа абыграць барысаўчан. А БАТЭ выходзіць на першае месца ў табліцы чэмпіянату з перавагай 1 бал. Праўда, у “Шахцёра” ёсць тры гульні ў запасе.

Жаночая зборная Беларусі па футболе з хатняй перамогі стартавала ў адборачным турніры чэмпіянату свету 2023 года. Нашы дзяўчаты адолелі дэбютантак планетарнага форуму - каманду Кіпра. Першы тайм прайшоў пад дыктоўку гаспадынь. Ужо на шостай хвіліне лік адкрыла Ганна Казюпа. У кампенсаваны час перад перапынкам рэалізавала пенальці Анастасія Шупо. У другім гульнявым адрэзку Ганна Піліпенка зрабіла лік максімальна некамфортным для апанентак - 3:0. Аднак адказ знайшоўся ў форварда кіпрыётак Антры Віёлары. Кропку ў паядынку паставіла Анастасія Шлапакова. 4:1 - на карысць зборнай Беларусі.

У галоўным беларускім гандбольным супрацьстаянні сучаснасці “Мяшкоў-Брэст” абыгрывае на выездзе мінскі СКА. Сустрэча ў рамках чэмпіянату Беларусі адбылася ў Палацы спорту “Уручча”. З самага пачатку сустрэчы чэмпіёны Беларусі з Брэста захапілі ініцыятыву і на перапынак ішлі з лікам 16:11. Да фінальнага свістка лічбы былі 34:30. Гульцы Брэста адзначаюць гульнявыя якасці саперніка.

Напрыканцы “Матчбола” нагадаю, што на гэтым тыдні вы можаце ўбачыць зорак беларускага біятлону. Раўбічы прымуць чэмпіянат краіны па летнім біятлоне. Уваход для аматараў гэтага віду спорту вольны.