Агляд мінулых спартыўных мерапрыемстваў у рубрыцы "Матчбол"

23 августа 2021

Арына Сабаленка ўпершыню ў сваёй кар’еры падымаецца на другі радок рэйтынгу Міжнароднай жаночай тэніснай асацыяцыі. Салігорскі "Шахцёр", нарэшце, перамагае ў чэмпіянаце, а хакейная зборная рыхтуецца да алімпійскай кваліфікацыі - падрабязнасці ў рубрыцы "Матчбол". Расказвае Станіслаў Ліпскі.

Футбол - безумоўна ў авангардзе спартыўных падзей - сталічнае "Дынама" ўступае "Гомелю" ў цэнтральным паядынку 20-га тура, страчвае ачкі і БАТЭ.

Бела-блакітныя ехалі на поўдзень краіны ў статусе фаварыта, па-першае, мінчане не прайгравалі на працягу васьмі гульняў запар, па-другое, у турнірнай табліцы "Дынама" апярэджвала "Гомель" на 7 балаў, аднак пацвердзіць свой статус сталічныя футбалісты не здолелі, больш за тое, "дынамаўцы" ў гэтай гульні не здолелі забіць і ўступілі 0:2.

Найбольш жа яскравай гульнёй тура стаў паядынак у Брэсце, дзе мясцовыя футбалісты прымалі "Тарпеда-БелАЗ", аўтазаводцы вялі пасля першага тайма 2:0, дзякуючы дублю Анцілеўскага, аднак пасля перапынку "дынамаўцы" Брэста забілі тры мячы і атрымалі вікторыю 3:2.

Лідар сезона "Шахцёр" не пакінуў шанцаў - "Славіі" ў Мазыры 4:0, а вось БАТЭ згуляў ўнічыю з "Энергетыкам-БДУ" 1:1.

Жаночая зборная Беларусі па валейболе няўдала стартавала на чэмпіянаце Еўропы: на старце спаборніцтваў беларускі ўступілі і Італіі, і Харватыі.

Дарэчы, менавіта ў харвацкім Задары наша каманда і праводзіць свае гульні. Два паражэнні атрымаліся аднолькавымі для нашых дзяўчат - 0:3. Сёння - вырашальная гульня супраць Швейцарыі, толькі перамога дазволіць беларускам працягнуць барацьбу за выхад у плэй-оф. Пачатак сустрэчы ў 21:15.

Арына Сабаленка ўпершыню ў кар'еры стала другой ракеткай свету. Беларуска ўзнялася вышэй на адзін радок у планетарным рэйтынгу, таму што экс-ўладальніца гэтай пазіцыі Наомі Осака не змагла абараніць ачкі за фінал мінулага турніру ў Цынцынаці. Нагадаем, японка у 1/8 адзіночнага разраду не справілася з Жыль Тайхмана са Швейцарыі. Сабаленка, дарэчы, таксама няўдала выступіла на гэтых спаборніцтвах. Арына ўжо на стадыі 1/16 уступіла ў трох сэтах іспанцы Паола Бадосе. Нагадаем, што зараз лепшыя тэнісісткі свету рыхтуюцца да апошняга ў гэтым сезоне турніру серыі "Вялікага шлема" US Open. Адкрыты чэмпіянат ЗША пройдзе ў Нью-Ёрку з 30 жніўня па 11 верасня. 

На гэтым тыдні сочым, безумоўна, за хакеем: зборную Беларусі чакае алімпійская кваліфікацыя на гульні ў Пекін, сярод сапернікаў Польшча, Аўстрыя і Славакія. Толькі пераможца квартэта атрымае алімпійскую ліцэнзію. Усе матчы ў прамым эфіры пакажа тэлеканал "Беларусь 5". На гэтым ўсё! Любіце спорт і мы абавязкова яшчэ ўбачымся.