Надзея Скардзіна выйграла золата ў індывідуальнай гонцы ў шведскім Эстэрсундзе

30 ноября 2017

Для яе гэта першы медаль найвышэйшай пробы ў кар'еры на этапах Кубка свету.

Праз некалькі хвілін пасля перамогі Надзею Скардзіну павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. "Твой яркі поспех, дасягнуты дзякуючы працавітасці і волі да перамогі, падарыў усім беларусам выдатныя хвіліны радасці і гонару за сваю краіну. Гэта тваё першае золата на этапах Кубка свету, якое ўсяляе ў каманду надзею і ўпэўненасць у сваіх сілах у пачатку алімпійскага сезона", - гаворыцца ў віншаванні. Прэзідэнт пажадаў Надзеі, яе калегам у зборнай і трэнерскаму штабу здароўя, поспеху і новых перамог.

У Эстэрсундзе працуе наша здымачная група. Эксклюзіўны матэрыял са Швецыі ў Ганны Эйсмант.

Надзея Скардзіна ведае смак вялікіх узнагарод: на Алімпіядзе ў Сочы яна заваявала бронзу ў індывідуальнай гонцы! І вельмі сімвалічна, што на старце новага алімпійскага сезона яна ўпершыню ў сваёй кар'еры паднялася на першую прыступку п'едэстала і зноў па выніках індывідуальнай гонкі.

Пасля цырымоніі ўзнагароджання Надзея з'явілася ў прэс-цэнтры і адразу была атакаваная журналістамі. Нават расійскі каментатар Дзмітрый Губерніеў не ўстрымаўся ад сэлфі на фоне пераможца. Надзея шмат усміхалася і жартавала ў сваіх адказах.

Надзея прайшла дыстанцыю 15 км без адзінага промаху на 4-х агнявых рубяжах і апярэдзіла нарвежку Сюнёве Сулемдал на 2,9 секунды.Трэцяя - украінка Юлія Джыма. Адзначым, усе дзяўчаты адстраляліся па нулях. Для 32-гадовай Надзеі Скардзіны гэта першая перамога на этапах Кубка свету і выдатны падарунак для яе мамы.

Будзем спадзявацца, што нашы спартсменкі яшчэ пацешаць нас не аднойчы, этап у Эстэрсундзе працягваецца: у чацвер будзем назіраць індывідуальную гонку ў мужчын - прамая трансляцыя на "Беларусь 5" у 19:05.

Так што працягваем хварэць за беларускіх спартсменаў - яны гэтага заслугоўваюць!