На Алімпіядзе пройдзе жаночая эстафетная гонка

22 февраля 2018

На Алімпіядзе ўвага беларускіх балельшчыкаў сёння зноў будзе прыкавана да біятлоннага стадыёна, дзе пройдзе жаночая эстафетная гонка. Нашы дзяўчаты на старт дыстанцыі 4 па 6 кіламетраў выйдуць у наступным парадку: Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава і Дар'я Домрачава. Беларуская каманда атрымала 10-ы стартавы нумар. Усяго ж на медалі прэтэндуюць 18 эстафетных чацвёрак. Прамую трансляцыю будзе весці тэлеканал "Беларусь 5". Пачатак у 14.10.

Працягваюцца спаборніцтвы ў гарналыжнікаў. Сёння ў слаламе выступіць наш Юрый Данілачкін. Тэлеканал "Беларусь 5" пакажа ў запісы першую спробу. Пачатак трансляцыі ў 10 раніцы.

У Беларусі сёння з нецярпеннем чакаюць прылёту нашай алімпійскай чэмпіёнкі Ганны Гуськовай і ўсёй беларускай зборнай па фрыстайле. Рэйс з Абу-Дабі павінен прызямліцца ў нацыянальным аэрапорце Мінск у 12:40.