На аэрадроме Хожава пачаўся чэмпіянат Беларусі па класічным парашутызме

29 августа 2019
Парашутныя старты ў Маладзечанскім раёне. Скачкі на дакладнасць, індывідуальная акрабатыка і двоебор'е. Сёння на аэрадроме Хожава пачаўся чэмпіянат Беларусі па класічным парашутызме. 90 спартсменаў з 22 каманд змагаюцца за званне лепшых. За "палётамі з нябёсаў"  з зямлі назіраў наш карэспандэнт Мікіта Дзяменцьеў.

Антона і Наталлю Нікіцюк звязваюць не толькі самыя блізкія сваяцкія сувязі, але і любоў да скачкоў з парашутам. Абодва прыйшлі ў спорт з дзяцінства. Сёння 27-гадовы Антон працягвае браць прыклад з маці, у якой ужо адзінаццаць тысяч скачкоў і тытулы чэмпіёнкі Еўропы і свету. 

Укладка парашута, праверка амуніцыі і наперад, а больш дакладна, уніз. На вышыні 2 тысяч 200 метраў Маладзечанскі раён як на далоні. Праўда, любавацца краявідамі часу няма. За 30 секунд свабоднага падзення трэба паспець выканаць шэсць акрабатычных элементаў: чатыры спіралі і два сальта. 

Чэмпіянат Беларусі па класічным парашутызме праходзіць строга па міжнародных стандартах і  ўключае ў сябе восем тураў, паўфінал і фінал. Пакуль спартсмены выконваюць акрабатычныя трукі ў небе, за імі сочыць журы на зямлі, добра што тэхнічныя магчымасці дазваляюць. Аператар перадае карцінку са скачком кожнага парашутыста. Усяго за чатыры дні спаборніцтваў 90 спартсменаў з  22 каманд з усіх абласцей краіны выканаюць ад 10 да 12 скачкоў.