Мінск рыхтуецца да Еўрапейскіх гульняў - 2019

19 ноября 2017

Заяўкі пададзеныя, заявак больш няма. На тыдні завяршыўся прыём варыянтаў талісмана ІІ Еўрапейскіх гульняў. Зараз чарга журы, якому прыйдзецца нялёгка. На адрас арганізатараў конкурсу паступіла больш за тысячу заявак. Пераможца і прызёраў абяцаюць назваць у снежні.

Мінск тым часам пачынае жыць Еўрагульнямі. У сталіцы з'явіліся білборды з анонсам спаборніцтваў, а на маніторах у метро і ў аэрапорце дэманструюць тызеры турніру. З'явіўся ў Еўрагульняў і першы медыяпартнёр. Прадстаўнікі дырэкцыі спаборніцтваў рыхтуюць даклад аб прагрэсе ў падрыхтоўцы спаборніцтваў на генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, якая пройдзе на наступным тыдні.

Алена Гарэльчык пра самае цікавае раскажа зараз.

Больш за тысячу сто заявак, і гэтая лічба працягвае расці. З такой колькасцю не зладзілася нават электронная пошта, таму апрацоўка даных у Міністэрстве інфармацыі ідзе і ў выхадныя. За перамогу ў конкурсе на талісман змагаюцца жыхары ўсіх абласцей краіны, адна заяўка прыляцела нават з Егіпта. Удод Хоп-хоп, Ярылка, Бульбазавр, Агеньчык, Вавёрка Верка. Адным словам, выбар будзе нялёгкім.

Некаторыя работы на тыдні былі выстаўленыя ў Рэспубліканскім доме моладзі. Дзякуючы чаму студэнты некалькіх ВНУ, каму атрымалася патрапіць на выставу, нават склалі свой неафіцыйны рэйтынг. Галасавалі не падабайкамі, а папяровымі яблыкамі.

Журы збярэцца ўжо ў пачатку тыдня. На першым этапе з усіх заявак выберуць некалькі дзясяткаў фаварытаў. Ці супадзе неафіцыйны студэнцкі рэйтынг з рэальным, даведаемся ўжо ў снежні. А прэзентацыя талісмана пройдзе ў адным з кінатэатраў першага медыяпартнёра Еўрапейскіх гульняў. Тут жа перад кінасеансам ужо дэманструецца тызер турніру.

Пра Еўрагульні жыхарам сталіцы нагадваюць вось такія білборды і расцяжкі - па ўсёй сталіцы размешчана каля 20 канструкцый. Тызеры Еўрагульняў можна ўбачыць на маніторах па ўсім будынку Нацыянальнага аэрапорта, аўтавакзала "Цэнтральны" і ў метро.

Каля 25 працэнтаў ад запланаванага медыяплана для прасоўвання Еўрагульняў будзе выканана ўжо сёлета. У наступным запланавана размясціць каля 60 працэнтаў рэкламнага кантэнту, у 2019 медыяплан будзе выкананы цалкам.

Аляксандр Сухараў - лідар некалі папулярнай групы "Эківокі" - са спортам на ты. Футбол, тэніс, у яго спартыўнай кар'еры тры пешыя туры - пешкі ад Мінска дайшоў да Брэста, Салігорска і Віцебска. Праўда, спаборнічаць больш любіць не ў спартыўных конкурсах, а ў музычных. Вось таму і падаў заяўку на конкурс песні для цырымоній адкрыцця і закрыцця Еўрагульняў.

Усе заяўкі на конкурс песні сцякаюцца ў Тэатр эстрады. Пераможцы конкурсу атрымаюць не толькі дыплом, але і грашовыя прэміі памерам 100, 70 і 50 базавых велічынь, а галоўнае - іх музычныя творы пачуе ўся спартыўная Еўропа.

Гэтая кніга з'явілася ўсяго месяц таму, на Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў. Ён прайшоў у Сочы. Тады на прэзентацыі Еўрагульняў любы ахвотнік мог пакінуць сваё пажаданне беларускім спартсменам і арганізатарам. Сярод тых, хто падпісаўся, знаходзім імёны Аляксандра Карэліна і Генадзя Зюганава. Ахвотнікаў адправіць беларусам пасланне апынулася так шмат, што старонкі ў кнігу прыйшлося дадаць.

За паўтара года да пачатку Еўрагульняў арганізатарамі ўжо зроблена нямала, трэба яшчэ больш. Аб выкананых мэтах і задачах зараз трэба даць справаздачу. Што і адбудзецца 22-23 лістапада на генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. Гэта будзе першы даклад аб праробленай працы.

Літаральна праз некалькі дзён пасля завяршэння асамблеі, якая стане справаздачна-выбарнай, кіраўніцтва Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў прыедзе ў Мінск, каб не толькі правесці шэраг сустрэч, але і сваімі вачамі ўбачыць працэс падрыхтоўкі да Еўрагульняў.