Матч са Славакіяй стане для Беларусі 100-м у рамках Кубка Федэрацыі

20 апреля 2018

Лік пайшоў на гадзіны. Ужо заўтра стартуе матчавая сустрэча плэй-оф Сусветнай групы Кубка Федэрацыі Беларусь - Славакія. Ад выніку гэтага паядынку будзе залежаць - ці застанецца наша зборная ў тэніснай эліце. Каб захаваць прапіску ў Сусветнай групе турніру, дзе гуляюць 8 наймацнейшых каманд планеты, беларускам трэба перамагаць. Сёння прайшла жараб'ёўка турніру. І па добрай традыцыі першай на корт выйдзе Аляксандра Сасновіч. Падрабязнасці - у рэпартажы Крысціны Камыш.

Першымі на цырымоніі жараб'ёўкі плэй-оф Сусветнай групы Кубка Федэрацыі Беларусь - Славакія з'явіліся госці. Спартсменкі вырашылі падтрымаць камандны дух і зрабілі аднолькавыя прычоскі: дзве касічкі. Наша зборная таксама прыйшла ў новых вобразах. Спецыяльна пад юбілейную сустрэчу на неафіцыйным чэмпіянаце свету ў жаночым тэнісе дзяўчатам пашылі прыгожую форму. Матч са Славакіяй стане для Беларусі 100-м у рамках Кубка Федэрацыі.

Упершыню жараб'ёўку арганізатары правялі не ў Мінскай ратушы, а на "Чыжоўка-Арэне". Дарэчы, матч пройдзе з камфортнай тэмпературай - з-за тэніса лёд на стадыёне растапілі.

Адкрыюць заўтра матчавую сустрэчу Аляксандра Сасновіч і Ганна-Караліна Шмідлава. Следам на корт выйдуць Арына Сабаленка і Вікторыя Кужмава. На наступны дзень дзяўчаты памяняюцца суперніцамі. Чакаецца, што ў парным паядынку нашу краіну прадставяць Лідзія Марозава і Вера Лапко. У апанентак заяўлены дуэт Яны Чапелавай і Вікторыі Кужмавай. Адзначым, капітаны каманд маюць права зрабіць замены за гадзіну да гульні.

Ад вынікаў матчавай сустрэчы Беларусь - Славакія будзе залежаць будучы год. Пераможца пачне наступны сезон у васьмёрцы наймацнейшых зборных свету, а той, хто прайграў, апусціцца ў дывізіён ніжэйшы і будзе стартаваць з першага раўнда другой Сусветнай групы Кубка Федэрацыі.

Наша каманда лічыцца фаварытам. Па-першае, яшчэ паўгода таму беларускі змагаліся ў фінале турніру. Па-другое, згуляюць тэнісісткі на хардзе, славачкі ж аддаюць перавагу грунтаваму пакрыццю.

Таксама нельга не звярнуць увагі на рэйтынг. Усе нашы спартсменкі знаходзяцца вышэй за апанентак у сусветным табелі.

Зусім нядаўна на турніры ў Лугана Вера Лапко дайшла да свайго першага паўфіналу. Арына Сабаленка трэці раз у кар'еры змагалася за трафей у вырашальным матчы і - як вынік - увайшла ў топ-50.

І галоўная дзеючая сіла - балельшчыкі. Тэнісісткі ўлюбілі ў сябе ўсю краіну. І беларускі глядач прыходзіць падтрымаць каманду. Пяты хатні матч Кубка Федэрацыі не стане выключэннем. Білетаў у касах амаль не засталося.

Для тых, хто не паспее набыць квіткі, тэлеканал "Беларусь 5" арганізуе прамыя трансляцыі. У суботу ў 12:40 запланаваная цырымонія адкрыцця. У 13:00 стартуе першы матч.