Рубрыка "Матчбол": футбол на гэтым тыдні ў авангардзе спартыўных падзей

25 июля 2022

Арына Сабаленка застаецца на шостым месцы міжнароднага тэніснага адноўленага рэйтынгу, на 20-м радку яшчэ адна мінчанка Вікторыя Азаранка. Лепшы ў мужчынскім рэйтынгу з беларусаў -  Ілья Івашка - ён 53-я ракетка свету. А вось у рубрыцы "Матчбол" сёння ўся ўвага гульнявым відам спорту.

Футбол і на гэтым тыдні застаецца ў авангардзе спартыўных падзей: няўдала выступілі беларускія клубы ў Лізе канферэнцый, а вось салігорскі "Шахцёр" зноў перамагае ў чэмпіянаце краіны!

Мазыр

На гэты раз "гарнякі" здабылі вікторыю ў Мазыры над мясцовай "Славіяй" у прапушчаным матчы 13-га тура чэмпіянату краіны - 3:1. Дубль у футбаліста нацыянальнай зборнай Дзмітрыя Падстрэлава. Яшчэ адзін раз у гасцей вызначыўся Максім Скавыш. У "Славіі" гол на рахунку Сямёна Шасцілоўскага. У актыве жоўта-чорных 27 балаў і пакуль чацвёртае месца ў табліцы. Па страчаных ачках "Шахцёр" займае трэцяе месца, у пятніцу ён верне апошні доўг календару - дома згуляе супраць "Слуцка". 

Ізраіль

А гэта Ізраіль, і першы матч 2-га раўнда Лігі канферэнцый, дзе мясцовы "Хапаэль" сустракаўся з мінскім "Дынама". Бела-блакітныя саступілі, аднак усяго 1:2, таму шанцы на праход у наступны этап спаборніцтваў застаюцца. 

Грэцыя

 А вось "Гомель" і БАТЭ ў гэтым жа турніры буйна саступілі сваім апанентам: жоўта-сінія прайгралі турэцкаму "Каньяспору" - 0:3, а гамельчане ўвогуле - 1:5 грэчаскаму "Арысу". Матчы ў адказ пройдуць у сераду і чацвер.

Раўбічы

Тым часам сталічнае хакейнае "Дынама" пачынае падрыхтоўку да новага сезона КХЛ.

Беларуская каманда першая ў мацнейшай Лізе Еўропы выйшла з летняга адпачынку. Цяпер закладваецца фізічная база на ўвесь спаборніцкі год. А задачы ў "мінчан" амбіцыйныя. З сезона ў сезон яны не мяняюцца. Гэта барацьба ў кожнай гульні і выхад у плэй-оф КХЛ. 

 У параўнанні з мінулым сезонам склад мінчан значна аднавіўся, аднак трансферная кампанія працягваецца. 

Першы таварыскі паядынак "Дынама" запланаваны на 28 ліпеня. "Сібір" - сапернік мінчан, гульня пройдзе на "Чыжоўка-Арэне". І ўваход для гледачоў будзе бясплатным. 

На гэтым тыдні працягваем сачыць за футболам: падтрымліваем "Дынама", БАТЭ і "Гомель" у Лізе канферэнцый, паралельна цікавімся чэмпіянатам краіны па футболе і гульнямі Нацыянальнай баскетбольнай лігі 3х3! Усё гэта, зразумела, вас чакае на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт, і мы абавязкова яшчэ ўбачымся!