Канцэпцыя роліка "Еўрапейскіх гульняў - 2019": ад мары да перамогі

5 августа 2018

26 чэрвеня. Палац гімнастыкі. Першы здымачны дзень. І хоць апошні будзе толькі 23 ліпеня, менавіта гэты аўторак творцы кліпа запомняць лепш за ўсё. Здымаецца Кацярына Галкіна - трэба знайсці падобнае дзіця. Групавічкі - значыць, яшчэ пяць дзяўчынак. Дзеля некалькіх секунд патрацілі шэсць гадзін.

Канцэпцыя роліка: ад мары да перамогі. Дзіця, якое марыць аб трыумфе, становіцца-такі чэмпіёнам. Аўтар музыкі Юрый Вашчук, ён жа Тэа.

Карэспандэнт Агенцтва тэленавін Крысціна Камыш на месяц стала прадзюсарам. Гаворыць, нерваў патраціла шмат. Дамовіцца, усіх сабраць. Увогуле, новы досвед…

Трыумфатара Рыа, батутыста Уладзіслава Ганчарова, здымалі на зборах у Стайках. Тэрмінова спатрэбіўся залаты алімпійскі медаль, і яго праз знаёмых даставілі з роднага для спартсмена Віцебска. Потым, калі ўжо ў самім Віцебску трэба было светлавое абсталяванне, прыйшлося дамаўляцца, бо ўсю тэхніку задзейнічалі на "Славянскім базары".

Сабраць некалькі сотняў чалавек, сярод якіх вядомыя спартсмены. Дамовіцца, каб пусцілі на стадыён "Дынама" і на адну гадзіну ўключылі дарагое асвятленне. Усё гэта дзеля 10 секунд промароліка. Найважнейшых секунд. Канцоўкі.

На абноўленай арэне пройдуць спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, але галоўнае - цырымоніі адкрыцця і закрыцця II Еўрапейскіх гульняў.

Мы пайшлі са здымачнай пляцоўкі ў пачатку працэсу. Каб потым глядзець было больш цікава.