Хакейная школа "Юнацтва-Мінск" сёння святкуе 40-годдзе

1 сентября 2015

Спартыўная альма-матар выхавала такіх майстроў клюшкі, як Аляксей Калюжны, Міхаіл Грабоўскі, Руслан Салей і трохразовы пераможца Кубка Стэнлі Сяргей Фёдараў. Сёння выхаванцы школы гуляюць у клубах Еўропы і Амерыкі, а сам клуб “Юнацтва-Мінск” з’яўляецца адной з наймацнейшых каманд Беларусі. Як выхоўваюць будучых чэмпіёнаў - высветліў Ян Пашкевіч.

Для Івана Горбіка 1 верасня заняткі пачаліся не толькі ў звычайнай школе, але і ў хакейнай. 8-гадовы хлопчык спрабаваў сябе ў розных відах спорту, у тым ліку і ў футболе. Але знайшоў сваё месца менавіта на лёдзе з клюшкай у руках.

Першыя крокі ў вялікі хакей дзеці могуць рабіць з 4 гадоў. Маленькіх спартсменаў вучаць стаяць на каньках і трымаць клюшку. А з 7 гадоў пачынаюцца сур’ёзныя выпрабаванні – паўтарагадзінныя трэніроўкі шэсць разоў на тыдзень.

Пасля двух гадоў трэніровак з 60 гульцоў адбіраюць толькі 30 лепшых. Яны і будуць абараняць гонар школы на чэмпіянаце Беларусі па хакеі сярод юнакоў свайго ўзросту. Тады ж маленькія хакеісты атрымліваюць ад клуба сваю першую амуніцыю.

Перш за ўсё ў хакеі – гэта бяспека. Поўны камплект амуніцыі нагадвае футурыстычныя даспехі робата – гулец у іх абаронены ад любых пакалечанняў.

Падрыхтоўку будучых чэмпіёнаў хакейная школа “Юнацтва” наладжвала на працягу ўсёй сваёй гісторыі. Але ж прафесійным клуб стаў толькі 12 гадоў таму. Дагэтуль школа выключна выхоўвала хакеістаў для лепшых клубаў з усяго Савецкага Саюза, а потым і каманд Беларусі, Еўропы і Амерыкі.

Андрэй Карнавухаў, дырэктар хакейнай школы “Юнацтва-Мінск”:

"Хакейная школа "Юнацтва-Мінск" была створана 1 верасня 1975 і па праве з'яўляецца найстарэйшай школай Рэспублікі Беларусь, адной з лепшых школ, якая рыхтуе выпускнікоў у нацыянальныя зборныя каманды, моладзевыя і нацыянальную асноўную".

Спартыўную загартоўку школы “Юнацтва” прайшлі Аляксей Калюжны, Міхаіл Грабоўскі і Руслан Салей. Тут жа расіянін Сяргей Фёдараў пачынаў свой шлях да трох Кубкаў Стэнлі і залатых медалёў чэмпіянату свету.

З юбілеем навучэнцаў адной з лепшых спартыўных школ краіны павіншаваў і мэр Мінска Андрэй Шорац. Кіраўнік горада падарыў юнакам новы спартыўны інвентар. Кульмінацыяй свята стала супрацьстаянне вопыту і маладосці – матч паміж ветэранамі школы і 15-гадовымі юнакамі. Прафесіяналы далі пачаткоўцам добры ўрок – перамога ветэранаў 3:0.