Футбольная акадэмія з'явілася ў Пінску

24 ноября 2014

Унікальны для Беларусі спарткомплекс - уласная футбольная акадэмія - з'явіўся ў Пінску. Прычым, з'явіўся дзякуючы свайму выхаванцу, вучню мясцовай СДЮШАР, які не стаў футбалістам, але атрымаў поспех у бізнесе. Райцэнтр ужо ўзяў аб'ект на свой баланс і абяцаў: аддача будзе максімальнай.


На цырымоніі адкрыцця першай у Беларусі акадэміі футбола пабываў Станіслаў Ліпскі.


Уладзімір Аляксандравіч Шумарын, ветэран пінскага футбола, пакуль не здагадваецца, што менавіта дзякуючы яго заслугам у горадзе з'явілася ўласная акадэмія футбола. Вядома ж, не літаральна. 42 гады таму, калі быў трэнерам мясцовай СДЮШАР № 3, да яго ў секцыю прыйшоў Аляксандр Зарыбка. Той яго прыняў як роднага, але пры гэтым не даваў спуску на трэніроўках і ўклаў у юнака ўсё самае лепшае, што меў.


Некалі правы абаронца Аляксандр Зарыбка прафесійным футбалістам так і не стаў, але, калі быў капітанам, адкрыў для сябе сэнс слова каманда і, атрымаўшы поспех у іншай сферы жыцця, вырашыў аддзячыць сваёй сям'і, Радзіме, настаўніку.


Аляксандр Зарыбка, бізнесмен: Магчыма не кожны з іх стане прафесійным футбалістам, але гэта і не галоўнае. Галоўнае - тое, што бацькі будуць спакойныя, бо часу на тое, каб лайдачыць, у дзяцей няма: трэніроўкі, вучоба, урокі. І вось такая будучыня чакае 400 дзяцей.


Уладзімір Шумарын, першы трэнер Аляксандра Зарыбкі: Ён такі самаадданы! Гуляў і змагаўся ў любых умовах. Дарэчы, вось гэтым і адрозніваюцца тыя хлопцы ад цяперашніх.


У спартыўнай школе вучацца 380 юных футбалістаў. Ужо сёння там прайшлі першыя заняткі.


Унікальны для Беларусі спартыўны аб'ект складаецца з чатырох футбольных палёў: штучнага, штучнага з падагрэвам, з натуральным пакрыццём (дарэчы, такі ж газон на Барысаў-Арэне) і яшчэ аднаго штучнага пакрыцця, што размешчанае пад купалам. Гэтая канструкцыя дазваляе займацца футболам круглы год. Кошт праекта ацэньваецца ў 10 мільёнаў долараў.


У акадэміі будуць выкладаць выхаванцы мясцовага футбола. А з улікам таго, што ў свой час тут выраслі гульцы нацыянальнай зборнай Віталь Кутузаў, Сяргей Ясковіч, Андрэй Астроўскі, Сяргей Балановіч, хвалявацца за яе будучыню не варта.