Да пачатку галоўнай спартыўнай падзеі года застаецца менш як суткі

13 июня 2018

Цырымонію і матч адкрыцця чэмпіянату свету па футболе па запрашэнні свайго расійскага калегі плануе наведаць Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Гэтую інфармацыю пацвердзіла прэс-сакратар Кіраўніка беларускай дзяржавы Наталля Эйсмант. Мундыяль стартуе на маскоўскім стадыёне "Лужнікі". З нагоды чэмпіянату свету ў сталіцу Расіі прыбудзе шэраг замежных лідараў, якія будуць прысутнічаць на цырымоніі адкрыцця. Міжнародныя спаборніцтвы пройдуць у 11 гарадах Расіі. Кожную з гульняў чэмпіянату ў прамым эфіры пакажуць тэлеканалы "Беларусь 2" і "Беларусь 5". З краіны-гаспадыні турніру рэпартаж Дар'і Белавусавай-Пятроўскай.

Ліянель Месі шчыра імкнецца даць аўтограф усім ахвотнікам, але місія невыканальная. Адкрытая трэніроўка зборнай Аргенціны ў Бронніцах, што ў Маскоўскай вобласці, збірае поўныя трыбуны. Зорка Барселоны працуе з усмешкай. Каб стаць па-сапраўднаму вялікім, яму застаецца толькі выйграць Кубак свету.

Галоўныя падзеі - матч-адкрыццё і фінал - пройдуць на стадыёне "Лужнікі". Вялізная фан-зона ўжо дыхае святам.

Кошт рэканструкцыі "Лужнікоў" перавысіў 400 мільёнаў долараў.

Тэма бяспекі напалохала частку турыстаў. Тэракты ў Расіі перыядычна здараюцца. Улады з усіх сіл спрабуюць абараніць гасцей.

А яшчэ асцерагацца можна футбольных хуліганаў. Хоць на мірных балельшчыкаў яны нападаць наўрад ці стануць.

У Ніжнім Ноўгарадзе гатовыя смачна накарміць іншаземцаў. Кухня не толькі класічная. Напрыклад, можна пакаштаваць сухі боршч. Хоць зразумела, камусьці хопіць звычайных сасісак у цесце.

Самавар з півам - таксама рэч незвычайная. Ахалоджваюць хмельны напой з дапамогай лёду.

Тут жа ў Ніжнім Ноўгарадзе наладзілі вытворчасць футбольнага марожанага.

Дапамагаць гасцям і ўдзельнікам ЧС па футболе будуць больш за 35 тысяч валанцёраў з 112 краін свету, у тым ліку з Беларусі. Для іх сусветнае першынство ў Расіі - добрая практыка перад II Еўрапейскімі гульнямі, якія пройдуць у Мінску ў наступным годзе. Беларускія валанцёры прыедуць ва ўсе 11 гарадоў-арганізатараў чэмпіянату свету і будуць працаваць перакладчыкамі, фатографамі, узаемадзейнічаць са СМІ, а таксама дапамагаць гледачам на матчах.

Акрамя міжнародных валанцёраў, у Маскве працуюць валанцёры гарадскія. Больш за 5 тысяч чалавек штодня гатовыя аказаць балельшчыкам і гасцям сталіцы любую дапамогу: растлумачыць, як прайсці на стадыён, дзе адпачыць, што паспрабаваць. Могуць нават папрацаваць гідамі і медыкамі. Асноўныя патрабаванні: веданне англійскай мовы і камунікабельнасць. Прычым узрост не важны. Тых, хто пераступіў паўвекавы юбілей, горда называюць сярэбранымі валанцёрамі. Масквічцы Галіне Нінаткевіч ужо 75. Але яе энергіі пазайздросцяць 18-гадовыя.

11 гарадоў, 12 стадыёнаў, 32 каманды. Чэмпіянат свету прадоўжыцца цэлы месяц. Фінал 15 ліпеня. Цырымонія адкрыцця заўтра ў 17:30. У 18 гадзін прагучыць стартавы свісток у сустрэчы Расія - Саудаўская Аравія. Прамая трансляцыя са стадыёна "Лужнікі" на "Беларусь 5".