Да чэмпіянату свету па футболе засталося 25 дзён

19 мая 2018

Упершыню гаспадыняй сусветнага першынства стала Расія. Упершыню мундыяль пройдзе адразу ў дзвюх частках свету - Еўропе і Азіі. І будзе самы вялікі прызавы фонд у гісторыі турніру. Матчы пройдуць на 12 стадыёнах у 11 гарадах краіны. Адкрыццё і фінал чэмпіянату адбудуцца ў Маскве. У атмасферу галоўнай спартыўнай падзеі лета пагрузілася наш уласны карэспандэнт у расійскай сталіцы Дар'я Белавусава-Пятроўская.

Дастаткова прагуляцца па цэнтры Масквы, адразу відаць - сталіца Расіі жыве футболам. Яркая сімволіка чэмпіянату нібы зацягвае цябе ў гэтую гульню. Гісторыя сусветнага першынства пачалася 90 гадоў таму, калі FIFA арганізавала ўласны міжнародны футбольны турнір. Ён прайшоў ва Уругваі і сабраў толькі 13 каманд. Сёння ў чэмпіянаце свету па футболе ўдзельнічаюць ужо 32.

Усталёўка на Манежнай плошчы - гэта падарожжа па галоўных славутасцях 11-ці гарадоў - арганізатараў чэмпіянату свету па футболе - 2018. Гэта знакаміты Медны вершнік у Санкт-Пецярбургу, кафедральны сабор у Калінінградзе, старажытны крэмль у Казані, маштабная скульптура "Радзіма маці кліча!" ў Валгаградзе і Вялікі тэатр у Маскве. А фінальны пункт гэтай незвычайнай экскурсіі - талісман чэмпіянату Воўк-Забівака.

Адкрыццё і фінал сусветнага першынства пройдуць у Маскве на стадыёне "Лужнікі". Рэканструкцыя скончылася летась, і сёння абноўлены стадыён гатовы прыняць 81 тысячу гледачоў - на 3 тысячы чалавек больш, чым раней. А каб футбол стаў даступны для ўсіх, асаблівую ўвагу надалі безбар'ернаму асяроддзю. Людзі з парушэннем апорна-рухальнага апарата змогуць перасоўвацца на гольф-карах, а "вачыма" слабавідушчых падчас матча стануць спецыяльна навучаныя каментатары.

Таксама для аматараў футбола з абмежаванымі магчымасцямі прадугледжаныя білеты спецыяльнага доступу.

Дапамагаць гасцям і ўдзельнікам чэмпіянату свету па футболе будуць больш як 35 тысяч валанцёраў з 112 краін свету, у тым ліку з Беларусі. Для іх праца на сусветным першынстве ў Расіі - добрая практыка перад II Еўрапейскімі гульнямі, якія пройдуць у Мінску ў наступным годзе.

На чэмпіянаце свету па футболе Расія будзе здзіўляць і гастранамічна. Удзельнікі і госці спартыўнага форуму змогуць паспытаць кухню практычна ўсіх расійскіх рэгіёнаў. Спецыяльна для гэтага будуць працаваць 11 мабільных рэстаранаў. Гэта фуд-трэкі, абсталяваныя ўсім неабходным. Кожны носіць імя аднаго з гарадоў - арганізатараў чэмпіянату і прадстаўляе кухню гэтага рэгіёна.

Дарэчы, прызавы фонд чэмпіянату свету па футболе - 2018 стане самым вялікім у гісторыі турніру - 400 мільёнаў долараў. За перамогу прадугледжана 38 мільёнаў, а тыя краіны, якія не пройдуць па сетцы, атрымаюць па 8.