"Дынама-Брэст" - чэмпіён Беларусі па футболе

25 ноября 2019
У Беларусі з гэтага часу новы ўладальнік галоўнага тытула нашага футбола. Перапыніўшы 13-гадовую серыю перамог БАТЭ, футбольны клуб "Дынама-Брэст" стаў чэмпіёнам краіны! З заваёвай залатых медалёў калектыў павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

"Дзякуючы прафесійнаму падыходу вы змаглі без дзяржаўнага фінансавання ўпэўнена стаць на ногі, заваяваць сэрцы шматлікіх балельшчыкаў, якія цалкам запоўнілі трыбуны спарткомплекса "Брэсцкі". Вы даказалі, што мары становяцца рэальнасцю, а мэта дасягальная, калі рухацца да яе настойліва і рашуча. Хай поспех каманды з горада над Бугам паслужыць прыкладам для іншых клубаў і дасць новы імпульс развіццю футбола".

Такім чынам, менавіта каманда з берагоў Буга выступіць будучым летам у Лізе чэмпіёнаў! Напярэдадні ў 29-м туры брэстаўчане перамаглі "Віцебск" 1:0. І гэтага выніку хапіла для чэмпіёнства. У Брэсце атрымалася вельмі яркае свята.

З перамогай брэсцкае "Дынама" павіншаваў і легенда сусветнага футбола Дыега Марадона, які ў 2018 годзе стаў ганаровым старшынёй гэтага клуба. У Instagram па-іспанску ён напісаў, што рады перамозе каманды ў беларускай лізе і па-руску дадаў: "Мае віншаванні!".

БАТЭ ж напярэдадні разграміў мінскае "Дынама", а ў будучым годзе выступіць у Лізе Еўропы.