Чэмпіянат свету па хакеі ў Стакгольме і Хельсінкі ў самым разгары

8 мая 2013

Зборная Беларусі пасля мінімальнага паражэння ад Швецыі 1:2 атрымала адразу 3 выхадныя - такая воля жэрабя і асаблівасці календара турніру. Як каманда бавіць свой вольны час, у чым асаблівасці аднаўленчага працэсу?   У Швецыі працуе здымачная група сумеснага праекта Белтэлерадыёкампаніі, Прэзідэнцкага спартклуба і Федэрацыі хакея Беларусі. Андрэй Іваноў правёў 1 дзень з камандай.


 


На чэмпіянаце свету ў хакеістаў праца ёсць заўсёды. Нават калі паміж гульнямі паўза, яны ўсё роўна выходзяць на раскатванне. Зрэшты, каляндар стакгольмскай часткі турніру звярсталі такім чынам, што беларусы атрымалі адразу 3 дні без матчаў - чым не падстава наведацца ў госці?


Па сутнасці, увесь свой  час гульцы праводзяць альбо на лёдзе, альбо ў нумарах. Трапіць у гатэль складана, але трэнерскі штаб пасля гульні са Швецыяй даў дабро!


Форвард Арцём Дзямкоў свой нумар дзеліць з абаронцам Раманам Грабарэнкам. Як толькі засяліліся, распавядаюць, былі невялікія праблемы - за акном будоўля футбольнага стадыёна, працы ідуць круглыя суткі. Але стомленасць бярэ сваё, прызнаюцца хакеісты.


Чалавека ў белай уніформе клічуць Гаўраў. Ад ведаў і ўменняў гэтага індыйскага кухара шмат у чым залежыць аднаўленчы працэс хакеіста.


Гадзінная прагулка па Стакгольме пешкі - яшчэ адна частка аднаўленчай праграмы.  Мяркуючы па настроі, атмасфера ў зборнай на ўзроўні! Ужо пасля вяртання ў гатэль некаторых гульцоў чакаў невялікі цырыманіял: віншаванне Яўгена Саламонава з нараджэннем дачкі…і ўзнагароджанне Аляксея Угарава памятным дыпломам як аўтара пераможнай шайбы ў вароты Славеніі… 60 мільёнаў ад Прэзідэнцкага спартклуба адправіліся школе мінскага Юнацтва. 10 мая зборная Беларусі згуляе супраць галоўных фаварытаў чэмпіянату свету - канадцаў.