Барацьба за алімпійскія ўзнагароды працягваецца

13 февраля 2014

Трыўмфальная перамога Дар'і Домрачавай у Сочы ў гонцы пераследавання па-ранейшаму застаецца самай цікавай тэмай. Прыемныя моманты трыумфу, пра які марыць кожны спартсмен, Дар'я Домрачава перажыла і ўчора ўвечар. Яна атрымала запаветны залаты алімпійскі медаль, а разам з ім і вышэйшае спартыўнае званне. Зрэшты, наперадзе ў Дашы - новыя старты.


Мікалай Стула высвятляў, ці шмат сіл у біятланісткі аднялі пераможныя клопаты? Учора ўвечар на алімпійскай Медалс-плаза было шумна і маляўніча. Тут атрымлівалі ўзнагароды чэмпіёны і прызёры ў васьмі дысцыплінах. Расіяне ў аўторак золата не заваявалі, таму нядзіўна, што ўсе свае станоўчыя эмоцыі гаспадары Алімпіяды аддалі Дар'і Домрачавай.


Біятлоннае ўзнагароджанне правялі ў першую чаргу, і пры аб'яве беларускі апладысментамі ўзарваўся ўвесь узбярэжны кластар сочынскай Алімпіяды.


Домрачава зараз вельмі папулярная асоба ў Сочы. З усіх бакоў ёй ляцяць віншаванні, ад немагчымасці павіншаваць Дар'ю асабіста балельшчыкі падыходзяць да прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі і завочна перадаюць прывітанне.


Самой Дар'і Домрачавай зараз вельмі важна адысці ад эйфарыі. Наперадзе яшчэ чатыры гонкі з яе ўдзелам. Здаецца, алімпійская чэмпіёнка разумее: Алімпіяда праводзіцца занадта рэдка, каб выпускаць шанец увайсці ў гісторыю.


Такім чынам, 14 лютага, у Дзень святога Валянціна, біятланісткі пабягуць індывідуальную гонку. Любы наступны алімпійскі медаль зробіць Дар'ю Домрачаву самай заслужанай спартсменкай Беларусі ў суверэннай гісторыі. Зімовай каралевай.