Беларускія тэнісісты перамагаюць. Ягор Герасімаў выбіў першую ракетку ЗША

26 сентября 2019

Добрыя навіны і ў тэнісе. Прычым не толькі ад жаночай часткі беларускай зборнай. Ягор Герасімаў на мінулым тыдні дабраўся да паўфіналу турніру серыі ATP у Санкт-Пецярбургу. Зараз ён змагаецца на кортах у кітайскім Чэнду і ўжо выйшаў там у чвэрцьфінал. Больш за тое, у панядзелак упершыню ў кар'еры Ягор увайшоў у сусветную сотню. А ўжо сёння сенсацыйна выбіў першага сеянага на турніры і 19-га на планеце  амерыканца Джона Ізнера. Гэта была сапраўдная бітва - больш за дзве з паловай гадзіны - і як вынік 6:7, 7:6, 7:6.  Заўтра Ягор Герасімаў пазмагаецца з 20-гадовым прадстаўніком Канады Дзянісам Шапавалавым. А зараз пра нашу Арыну.
Яна ўжо ў паўфінале прэстыжнага турніру катэгорыі "Прэм'ер" ва Ухані. Летась менавіта Сабаленка выйграла гэтыя спаборніцтвы з прызавым фондам амаль тры мільёны долараў. Сёння першая ракетка Беларусі ў паядынку даціснула прадстаўніцу Казахстана Алену Рыбакіну - 50-ю ў сусветным рэйтынгу - 6:3, 1:6, 6:1.

Заўтра за выхад у фінал Арына Сабаленка пазмагаецца з першай ракеткай свету  аўстралійкай Эшлі Барці. Летась Арына без праблем прайшла Барці ў паўфінале, а пасля і ўзяла трафей. Што ж, будзем лічыць гэта добрым знакам. Прамая трансляцыя паядынку на "Беларусь 5" у 11:30.