Беларускія спартсмены заваявалі два медалі на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Кітаі

29 августа 2015

Вечар сёння сапраўды добры. Як і дзень, які прынёс нашай зборнай па лёгкай атлетыцы другі медаль чэмпіянату свету. Прычым узнагароду вышэйшай пробы. У бегу на 800 метраў наша Марына Арзамасава цалкам кантралявала забег і пакінула ззаду ўсіх сваіх саперніц.

Яшчэ ў паўфінале беларуска прадэманстравала высокі вынік, усталяваўшы асабісты рэкорд. Да гэтага трыумфу ў Марыны Арзамасавай ужо быў залаты медаль, праўда, чэмпіянату Еўропы. Склад удзельніц фіналу падабраўся як ніколі моцны. На працягу ўсяго забегу беларуска была сярод лідараў, а за 200 метраў да фінішу вырвалася наперад і, нягледзячы на ўсе старанні саперніц, здолела ўтрымаць сваю перавагу. Хвіліна 58 цэлых і 3 сотыя секунды - час, які дазволіў Марыне Арзамасавай выйграць золата чэмпіянату свету.

Паўтаруся, для зборнай Беларусі на сусветным першынстве па лёгкай атлетыцы ў Пекіне гэта ўзнагарода стала другой у скарбонцы. Напярэдадні званне бронзавага прызёра ў бегу на 100 м з бар'ерамі заваявала Аліна Талай.

З высокімі вынікамі беларускіх спартсменак - Марыну Арзамасаву і Аліну Талай - павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

"Дарагая Марына! Уся краіна з заміраннем сэрца сачыла за тваім выступленнем на чэмпіянаце свету ў Пекіне.

Ты стала лепшай на планеце, і сёння ўвесь свет апладзіруе твайму поспеху. Дзякуй табе за высокае спартыўнае майстэрства і волю да перамогі. Ты яшчэ раз даказала, што беларуская жанчына - надзейная апора нашага грамадства, краса і гонар нашай Радзімы.

Шчыра жадаю табе, усёй нацыянальнай камандзе па лёгкай атлетыцы моцнага здароўя, шчасця і поспеху".

Таксама віншавальная тэлеграма была накіравана бронзаваму прызёру чэмпіянату свету Аліне Талай.

"Ты проста разумніца! Праз упартыя трэніроўкі і цяжкую працу ты мэтанакіравана ішла да гэтага поспеху. Твой выдатны вынік на чэмпіянаце свету ў Пекіне прынёс вялікую радасць усім беларускім балельшчыкам. Мы ведаем, што ты ставіш перад сабою яшчэ больш амбіцыйныя мэты, і верым у тое, што ты здольна ажыццявіць свае самыя смелыя спартыўныя мары. Жадаю табе шчасця, поспеху і новых перамог", - гаворыцца ў віншаванні.

І зараз у нас ёсць магчымасць у прамым эфіры пагутарыць з наваспечанай чэмпіёнкай свету. На сувязі - Пекін. Марына Арзамасава (відэа).

І прама зараз на прамой сувязі са студыяй старшыня Федэрацыі лёгкай атлетыкі Беларусі Вадзім Дзевятоўскі (відэа).

Чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы завершыцца заўтра. Беларускія спартсмены сваё выступленне на планетарным форуме ўжо завяршылі. З дзвюма ўзнагародамі - золатам Марыны Арзамасавай і бронзай Аліны Талай - наша зборная ў медальным заліку пакуль займае 13-е месца.