Беларускія спартсмены па акадэмічным веславанні адпраўляюцца на Алімпіяду

27 июля 2016

Да галоўнай спартыўнай падзеі года - Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанейра - застаецца крыху больш за тыдзень. Ужо праз 9 дзён на самым вялікім стадыёне Бразіліі "Маракана" ўрачыста запаляць алімпійскі агонь. Атлеты з усяго свету прыбываюць у паўднёваамерыканскую краіну. Мы ж працягваем праводзіць на Гульні беларускіх спартсменаў, гэтым разам прадстаўнікоў акадэмічнага веславання.

Ля будынка Нацыянальнага алімпійскага камітэта зараз знаходзіцца наш карэспандэнт Аляксандр Ярмош (прамое ўключэнне).

Каманда ва ўзнятым настроі. Усе нацэленыя на барацьбу за ўзнагароды, а не проста на ўдзел, як кажа дэвіз Алімпійскіх гульняў. Літаральна паўгадзіны таму ад будынка НАК беларуская дэлегацыя адправілася ў аэрапорт.

Акадэмічнае веславанне - гэта той від, у якім беларусы традыцыйна моцныя і ў якім нашу краіну на Гульнях у Рыа прадставіць легенда не толькі для Беларусі, але і для ўсяго свету - Кацярына Карстэн. Для двухразовай алімпійскай чэмпіёнкі гэта, толькі ўявіце, ужо сёмыя Гульні. Гэта значыць больш за 24 гады Кацярына ўваходзіць у лік лепшых спартсменаў у акадэмічным веславанні. Вось што сказала сама спартсменка з нагоды свайго даўгалецця ў спорце.

Спаборніцтвы па акадэмічным веславанні пачнуцца 6 жніўня. Праўда, імёны першых прызёраў мы даведаемся толькі 10 жніўня. Завершыцца турнір для весляроў 13 жніўня. Усяго ж у Рыа ў гэтым відзе спорту будзе разыграна 14 камплектаў медалёў. Натуральна, верым, што будуць узнагароды і ў нашай зборнай. Асабліва ў Кацярыны Карстэн, бо гэтая Алімпіяда для яе апошняя ў кар'еры.