БАТЭ вяртаецца ў вялікую гульню

1 октября 2014

Напярэдадні вечарам футбольны чэмпіён краіны атрымаў першую перамогу ў групавым раўндзе Лігі чэмпіёнаў - самым прэстыжным турніры ў Еўропе - і ўзляцеў на другое месца ў групе H. Прыкрая няўдача ў Партугаліі - 0:6 - забытая.


А яшчэ ўчарашняя вікторыя над Атлетыкам зняла іспанскі праклён беларускіх каманд. Раней нашы футбалісты білі немцаў, французаў, англічан, адбіралі ачкі ў італьянцаў, але вось з прадстаўнікамі Пірэнейскага паўвострава нічога зрабіць не маглі. Зараз знайшлі прыёмы і супраць іх.


Расказвае Мікалай Стула.


Барысаў-Арэна. Позні халодны вечар аўторка, стадыён амаль поўны, нягледзячы на тое, што заўтра працоўны дзень. Гэта паказчык веры балельшчыкаў у БАТЭ пасля знішчальнага паражэння ад Порту. Праўда, са старту трыбуны пачынаюць патрабаваць.


Перамагаць беларусам давялося іспанскую каманду, у гульнях з якімі была проста катастрафічная статыстыка - нашы футбалісты яшчэ ні разу ў гісторыі не атрымлівалі перамогу ў пірэнейцаў. Атлетык жа - асаблівы клуб у сусветным маштабе.


Адольфа Барбера, тэлежурналіст, Іспанія: Наша філасофія такая, што ў камандзе гуляюць толькі этнічныя баскі. Мы не падобныя ні на каго і ганарымся гэтым. Так, мы не можам прапанаваць кантракт любому, але хапае ўнутраных рэсурсаў. Атлетык яшчэ ніколі не пакідаў наймацнейшую Лігу Іспаніі.


БАТЭ, дарэчы, легіянерамі таксама ніколі не злоўжываў. Надвор'е ў Барысаве працягваюць рабіць беларусы. Для матча павышанай важнасці ў складзе было шмат неспрактыкаваных футбалістаў. Рызыка вялікая, але яна апраўдалася спаўна.


Мікалай Сігневіч, які ў БАТЭ да гэтага лічыўся яшчэ рэзервістам, робіць ідэальны пас галавой пасля падачы вуглавога на далёкую штангу. Дзяніс Палякоў -1:0.


Той жа Сігневіч гоніць мяч пад пераможны, як потым высветліцца, удар Аляксандру Карніцкаму. Выхаванец стаўбцкоўскага футбола забівае пакуль самы галоўны мяч у сваёй кар'еры, 2:0. Гэта добрая падушка бяспекі для першага тайма.


На перапынак сапернікі ідуць пры ліку 2:1, іспанцы ўсё ж адзін гол адыгралі. У другім тайме па трыбунах гуляе хваля. Балельшчыкам падабаецца, як упэўнена трымаецца БАТЭ ў супрацьстаянні з прадстаўніком адной з самых футбольных краін. Паражэнне ад Порту забыта. Жорсткая крытыка каманды - проста эмоцыі.


Нерв матча адчуваецца да фінальнага свістка, але БАТЭ меў значна больш магчымасцяў лік павялічыць, чым госці павезці нічыю.


Адзін мільён еўра зарабіў БАТЭ ў ноч з аўторка на сераду. Столькі УЕФА плаціць за перамогу ў Лізе чэмпіёнаў, але больш важна, што беларусы зноў вярнуліся ў гульню, што нам зноў цікава турнірнае становішча ў групе H.


У паралельным матчы ўсё складваецца ўдала. Данецкі Шахцёр гуляе ўнічыю з Порту, 2:2. Гэта значыць, што БАТЭ ўжо на другім месцы. Трыбуны ахоплівае эйфарыя, людзям трэба выказацца.


Наступныя два матчы БАТЭ правядзе ў кастрычніку і лістападзе супраць данецкага Шахцёра.